Папскія місійныя таварыствы рыхтуюць новыя праекты
Ян Глінскі
Працоўныя сустрэчы асамблеі распачаліся 27 мая 2026 года і працягнуцца да 1 чэрвеня. 31 мая кіраўнікі Папскіх місійных таварыстваў здзейсняць пілігрымку ў санктуарый святой Філамэны, пасля чаго накіруюцца ў неапальскую катэдру, каб ушанаваць рэліквіі святога Януарыя. У апошні дзень асамблеі ўдзельнікі будуць прынятыя Папам на аўдыенцыі.
Падчас працоўных сустрэч будуць прадстаўлены справаздачы чатырох генеральных сакратароў, а таксама агучаны і зацверджаны новыя праекты. Асобнае пасяджэнне будзе прысвечана камунікацыі і збору сродкаў.
У мінулагоднім звароце да асамблеі Леў XIV адзначыў, што дзейнасць Папскіх місійных таварыстваў “мае істотнае значэнне для евангелізацыйнай місіі Касцёла”. Гэтую думку Папа грунтаваў на ўласным досведзе шматгадовага пастырскага служэння ў Перу. Да таго ж, як нагадаў Пантыфік, місіі кожнай з чатырох Папскіх місійных таварыстваў з часам сталі інтэгральнай часткай Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Папскія таварыствы і іх дзейнасць
Папскае таварыства распаўсюджвання веры, як нагадаў Папа, удзяляе “падтрымку пастырскім і катэхетычным праграмам, будаўніцтву новых касцёлаў, ахове здароўя”, а таксама адказвае на “адукацыйныя патрэбы на місійных тэрыторыях”. Узначальвае таварыства генеральны сакратар айцец Тадэвуш Новак OMI.
Папскае місіянерскае таварыства дзяцей “падтрымлівае праграмы хрысціянскай фармацыі для дзяцей, а таксама клапоціцца пра іх асноўныя патрэбы і абарону”. Генеральны сакратарыят таварыства даручаны сястры Інэс Паўлу Альбіна з Гвінеі-Бісаў, якая належыць да Кангрэгацыі Адаратарак Крыві Хрыстовай.
Папскае Таварыства святога Апостала Пятра “дапамагае развіваць місіянерскія пакліканні – як святарскія, так і манаскія”. Генеральны сакратар таварыства – айцец Гі Баньён з Кангрэгацыі Святога Сульпіцыя.
Папскі Місіянерскі Саюз – таварыства, якое прымае ўдзел у “падрыхтоўцы святароў, законнікаў і законніц, а таксама ўсяго Божага народа да місіянерскай працы Касцёла”. Генеральны сакратар таварыства – в’етнамскі канвентуальны францішканін Дзінь Ань Нуэ Нгуен.