Пошук

Энцыкліка Льва XIV "Magnifica humanitas" Энцыкліка Льва XIV "Magnifica humanitas"  (AFP or licensors)

“Magnifica humanitas”: каментар святара з Крэмніевай даліны

Айцец Брэндан Макгуайр, пробашч каліфарнійскай парафіі Святога Сымона ў Лос-Альтасе, у сэрцы Крэмніевай даліны, пракаментаваў публікацыю першай энцыклікі Папы Льва XIV “Magnifica humanitas”.

Ян Глінскі

Святар ірландскага паходжання, былы інжынер і магістр у галіне інфарматыкі і кібербяспекі, распавёў пра “дзесяцігоддзе дыялогу”, якое паступова паглыбляла цікавасць Святога Пасаду да штучнага інтэлекту.

Айцец Макгуайр жыве і працуе сярод навукоўцаў, экспертаў і лідараў тэхналагічнай сферы. З гадамі ён стаў спаведніком, аўтарытэтным дарадцам і нават асабістым сябрам некаторых з іх, у тым ліку Крыстафера Олаха, сузаснавальніка “Anthropic”.

Касцёл і сфера ІТ: плёны дыялогу

“Святарскае пасвячэнне я атрымаў 26 гадоў таму, і сам паходжу з гэтай сферы. Я ніколі насамрэч не пакідаў гэты свет і заўсёды падтрымліваў адносіны з людзьмі, якія ў ім працуюць”, / прызнаўся святар.

Айцец Макгуайр заўважыў, што найбольш інтэнсіўным дыялог паміж Касцёлам і сферай ІТ быў у апошняе дзесяцігоддзе. Дзякуючы зацікаўленасці біскупа Пола Тая, сакратара Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, былі наладжаны кантакты. Плёнам дыялогу стала таксама заснаванне пры падтрымцы Святога Пасаду Інстытута тэхналогій, этыкі і культуры пры Універсітэце Санта-Клары ў Каліфорніі.

Мінулай восенню айцец Макгуайр сустрэўся з Крыстаферам Олахам, што паклала пачатак цеснаму супрацоўніцтву і канструктыўнаму дыялогу. У Крэмніевай даліне, як адзначыў каліфарнійскі душпастыр, “адчулі, што знайшлі ў нас партнёра ў гэтым падарожжы”.

“Magnifica humanitas” – кульмінацыя дыялогу са сферай ІТ

Энцыкліку Льва XIV “Magnifica humanitas” можна разглядаць як кульмінацыю доўгага шляху, на якім Касцёл імкнецца паглядзець “у святле Евангелля” на выклікі і змены нашага часу. Гэта таксама спроба наладзіць дыялог з тымі, хто стаіць за гэтымі трансфармацыямі.

У адказ на крытыку таго, што такая кампанія, як “Anthropic”, можа выкарыстоўваць Ватыкан для паляпшэння сваёй рэпутацыі, айцец Макгуайр падзяліўся меркаваннем: “Больш рызыкоўна было б не рабіць абсалютна нічога”.

“Маўчанне будзе здрадай, – дадаў ён. – Мы знаходзімся ў тым гістарычным моманце, калі павінны выкарыстоўваць свой голас і весці дыялог”. У гэтым кантэксце святар нагадаў пра “ідэю сінадальнасці, якую прапанаваў Папа Францішак: слухаць людзей, сустракацца з імі і працаваць з імі”.

Дыялог з тэхналогіямі непазбежны

Айцец Макгуайр заўважыў, што тэхналогіі заўсёды прыносяць зрухі, змены і пераходныя працэсы, таму страх людзей перад імі “цалкам апраўданым”. “Але калі вы хочаце міру, то павінны весці дыялог нават з тымі, каго ўспрымаюць як ворага. Тое ж самае датычыць тэхналогій: мы павінны весці дыялог з імі. Яны будуюць нашу будучыню, з намі ці без нас”, - адзначыў душпастыр.
 

29 мая 2026, 09:35