Прамова кардынала Гуджэроці на інтранізацыі Патрыярха халдэяў у Багдадзе Прамова кардынала Гуджэроці на інтранізацыі Патрыярха халдэяў у Багдадзе 

Гуджэроці: нельга дапусціць аслаблення голасу Халдэйскай Царквы

У Багдадзе адбылася ўрачыстая інтранізацыя новага Патрыярха Халдэйскай Каталіцкай Царквы Паўла ІІІ Нона. Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў гістарычную ролю халдэйскіх вернікаў і заклікаў захаваць жывую прысутнасць гэтай хрысціянскай супольнасці на Блізкім Усходзе.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Інтранізацыя Патрыярха прайшла 29 мая 2026 года ў катэдральным саборы святога Юзафа ў Багдадзе. Апостальскую Сталіцу на ёй прадставіў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. Ад імя Льва XIV ён павіншаваў новага Патрыярха з уступленнем на пасаду і запэўніў яго ў падтрымцы Касцёла. На ўрачыстасці прысутнічалі каталіцкія іерархі, прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій, грамадзянскія ўлады і дыпламаты.

Кардынал Гуджэроці падкрэсліў, што абранне новага Патрыярха мае гістарычнае значэнне не толькі для Халдэйскай Царквы і паўсюднага Касцёла, але і для Ірака. Ён нагадаў пра асаблівую ролю халдэйскіх хрысціян у гісторыі Блізкага Усходу. Халдэйская Царква бярэ свой пачатак яшчэ з апостальскіх часоў і непарыўна звязаная з той Зямлёй, па якой хадзіў Езус. Дзякуючы яе місіянерскай дзейнасці Евангелле распаўсюдзілася да Кітая і Індыі.

Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў, што халдэйскія хрысціяне на працягу стагоддзяў карысталіся павагай нават у нехрысціянскіх дзяржавах дзякуючы сваёй адукаванасці, маральнаму аўтарытэту і здольнасці служыць грамадству. Ён згадаў дзейнасць усходніх манастыроў і тэалагічных школ, якія перакладалі старажытныя грэчаскія тэксты і служылі мостам паміж арабскай культурнай традыцыяй і еўрапейскім светам.

Інтранізацыя Патрыярха Халдэйскай Каталіцкай Царквы
Інтранізацыя Патрыярха Халдэйскай Каталіцкай Царквы

Іерарх надаў асаблівую ўвагу мучаніцтву халдэйскіх вернікаў. Гэтая Царква перажыла пераслед і захавала вернасць Хрысту, у тым ліку і ў сучасны перыяд нестабільнасці на Блізкім Усходзе. Сёння, з-за нестабільнасці ў рэгіёне, значная частка халдэйскіх вернікаў жыве ў дыяспары, дэманструючы выдатную здольнасць адаптавацца да новых умоў, захоўваючы пры гэтым сваю духоўную і культурную спадчыну, сваю гісторыю і традыцыі.

Прэфект заклікаў новага Патрыярха быць духоўным айцом для святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў Халдэйскай Царквы. Ён адзначыў, што вернікі чакаюць ад свайго кіраўніка не толькі адміністрацыйнага служэння, але і прыкладу святасці, міласэрнасці і вернасці Евангеллю. Іерарх таксама нагадаў пра неабходнасць падтрымкі моладзі, дапамогі бедным, развіцця катэхізацыі, літургічнага жыцця і фармацыі духавенства.

Кардынал Гуджэроці і Патрыярх Павел ІІІ Нона
Кардынал Гуджэроці і Патрыярх Павел ІІІ Нона

Кардынал Гуджэроці заклікаў не дапусціць аслаблення голасу Халдэйскай Царквы “з-за гістарычных ці палітычных абставін”. Ён выказаў надзею, што Ірак застанецца не толькі месцам старажытных хрысціянскіх храмаў, але і месцам, дзе жывуць супольнасці, якія натхняюць сваёй вернасцю Хрысту.

Напрыканцы прамовы прэфект запэўніў новага Патрыярха і ўсю халдэйскую супольнасць у падтрымцы Святога Пасада і гатоўнасці супрацоўнічаць ва ўсім, што можа быць карысна для ўмацавання гэтай Царквы. Ён заклікаў горача маліцца Богу аб захаванні Патрыярхам духу служэння ў вернасці Наступніку святога Пятра, у сінадальнасці і жыцці ў братэрстве, якое нараджаецца з Эўхарыстыі.

Урачыстая інтранізацыя Патрыярха Халдэйскай Царквы
Урачыстая інтранізацыя Патрыярха Халдэйскай Царквы
29 мая 2026, 11:23