Пошук

Леў XIV у бейсболцы "Chicago White Sox" Леў XIV у бейсболцы "Chicago White Sox" 

“Эфект Льва XIV”: як Папа змяняе аблічча веры

Першы год пантыфікату Льва XIV адзначыўся небывалым уздымам папулярнасці Касцёла, асабліва сярод моладзі, якая ўбачыла ў Папу шчырага абаронцу міру і чалавечай годнасці.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Год таму абранне першага ў гісторыі амерыканца Пантыфікам выклікала ў Злучаных Штатах хвалю энтузіязму, якая дагэтуль не суціхае. Леў XIV стаў для многіх "сваім" чалавекам на Пасадзе.

Як паведамляе выданне "OSV News", вернікі ў яго родным Чыкага і далёка за яго межамі бачаць у ім не проста кіраўніка Касцёла, а сапраўднага мастака чалавечых адносін, здольнага будаваць масты ў часы глыбокіх крызісаў.

Жывое сведчанне Папы і яго місіянерскае мінулае сталі штуршком для вяртання вернікаў у храмы.

24-гадовая Вікторыя Мендэс, парафіянка касцёла святой Рыты Кассійскай, заўважыла, што пасля выбрання Льва XIV у Касцёле стала значна больш маладых людзей. Яна звязвае гэта з тым, што Папа размаўляе з юнакамі і дзяўчатамі на іх мове, выкарыстоўваючы сучасныя сродкі камунікацыі і застаючыся пры гэтым верным прынцыпам Евангелля. Гэты "эфект Льва" назіраецца і ў статыстыцы хростаў дарослых людзей на гэты Вялікдзень, калі цікавасць да каталіцтва вырасла не толькі ў ЗША, але і ў Еўропе.

Папа, які ў мірскім жыцці насіў імя Роберт Прэвост, прайшоў шлях ад простага хлопца з паўднёвага прыгарада Чыкага да прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў. Яго дваццацігадовая праца ў бедных раёнах Перу заклала ў яго характары моцную патрэбу ў справядлівасці. Сёння яго заклікі да спынення вайны ў Іране гучаць магутна і бескампрамісна. Паводле слоў біскупа Даніэля Тэрлі, Леў XIV прыносіць у свет, поўны гвалту, пасланне радасці і пашаны да жыцця.

Леў XIV вучыць моладзь шукаць Бога па-за лічбавым светам, застаючыся пры гэтым блізкім да кожнага.

Нягледзячы на свой статус, Папа застаецца чалавекам зразумелых і блізкіх кожнаму каштоўнасцей. Ён ахвотна сустракаецца з былымі аднакласнікамі, падтрымлівае любімую бейсбольную каманду "Chicago White Sox" і заклікае маладых людзей не станавіцца закладнікамі штучнага інтэлекту.

Нават тыя, хто не практыкуе веру, як 26-гадовая Элі Грэг, адчуваюць сімпатыю да Льва XIV. Адсутнасць агрэсіі, інклюзіўнасць і адкрытасць робяць яго асобу прыцягальнай для шырокага кола людзей.
 

07 мая 2026, 10:51