Кардынал Блэйз Сьюпіч Кардынал Блэйз Сьюпіч 

Кардынал Сьюпіч: новая энцыкліка – заклік да дзеяння

Першая энцыкліка Папы Льва XIV “Magnifica humanitas”, прысвечаная абароне чалавечай асобы ў эпоху штучнага інтэлекту, з’яўляецца тэрміновым заклікам да дзеяння. Пра гэта ў інтэрв’ю Vatican News заявіў арцыбіскуп Чыкага, кардынал Блэйз Сьюпіч.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Амерыканскі іерарх адзначыў, што новыя тэхналогіі валодаюць патэнцыялам перасягнуць нашу здольнасць кантраляваць іх, таму Пантыфік падае чалавецтву сігнал трывогі, каб яно паспела своечасова адрэагаваць на гэты гістарычны выклік.

Кардынал Сьюпіч падкрэсліў, што ў сваім дакуменце Папа кідае выклік чалавецтву, прымушаючы яго зрабіць выбар паміж дзвюма мадэлямі будучыні. Першая – Новы Іерусалім, як сімвал супольнай адказнасці і гармоніі. Гэты вобраз грунтуецца на гісторыі прарока Нээміі, які аб’яднаў людзей розных прафесій і ўзростаў для аднаўлення горада. Гэта праца, дзе ў цэнтры стаіць Бог, і дзе адносіны паміж людзьмі адраджаюцца яшчэ да таго, як будуюцца каменныя сцены.

Другая перспектыва прадстаўлена вобразам Вавілонскай вежы – сімвалам чалавечай пыхі і ілюзіі самадастатковасці. Спроба пабудаваць свет без Божага благаслаўлення вядзе да крызісу камунікацыі і поўнага неразумення паміж людзьмі.

Чыкага з’яўляецца буйным цэнтрам бізнесу і высокіх тэхналогій, і, па словах арцыбіскупа, першыя водгукі на энцыкліку ўжо з’явіліся ў мясцовых СМІ. Ён заўважыў, што асаблівую цікавасць да дакумента праявіла студэнцкая моладзь. Каледжы і ўніверсітэты актыўна рэагуюць на пасланне, паколькі развіццё ШІ будзе мець непасрэдны ўплыў на іх будучыню.

“Мы павінны ўважліва слухаць студэнтаў. Сярод тых, у каго бралі інтэрв’ю, маладыя людзі вельмі станоўча выказваліся пра Святога Айца і выказалі жывую зацікаўленасць у чытанні гэтага дакумента”, - падкрэсліў кардынал Сьюпіч.

Іерарх таксама звярнуў увагу на тое, што “Magnifica humanitas” прапануе новую перспектыву для разумення ўсяго сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, пачынаючы ад знакамітай энцыклікі Льва XIII “Rerum novarum”. Леў XIV нагадвае, што сацыяльнае вучэнне – гэта не проста набор рэкамендацый, якія католікі могуць прымаць або ігнараваць па ўласным жаданні.

Параўноўваючы лічбавую рэвалюцыю з прамысловай рэвалюцыяй мінулага, кардынал Сьюпіч заўважыў, што, нягледзячы на падабенства, сённяшняя сітуацыя куды больш небяспечная: сучасная тэхналогія здольная выйсці з-пад кантролю стваральнікаў. Менавіта таму Касцёл заклікае дзейнічаць без прамаруджвання.
 

29 мая 2026, 10:13