Пошук

Замак Сан-Марына. Ілюстрацыйнае фота Замак Сан-Марына. Ілюстрацыйнае фота  (fdecomite)

Біскуп Сан-Марына: візіт Папы – дар Провіду

“Магчымасць прывітаць Наступніка Пятра – гэта велізарны дар, ласка Провіду, якую мы атрымліваем у гістарычны момант, калі ўсе адчуваем патрэбу нанова адкрыць моцныя прычыны для надзеі і супольнага шляху”, - пракаментаваў навіну пра візіт Льва XIV у біскуп Сан-Марына Даменіка Бэнэвэнці.

Ян Глінскі

28 мая 2026 года стала вядома, што Пантыфік прыняў запрашэнне ад кіраўнікоў Рэспублікі Сан-Марына. Паводле інфармацыі Прэфектуры Папскага дому, візіт запланаваны на суботнюю раніцу 22 жніўня 2026 года. Папа сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў рэспублікі, а таксама памоліцца ў мясцовай базіліцы. Поўная праграма будзе апублікавана пазней.

Як падкрэсліў біскуп Даменіка Бэнэвэнці, нядаўна абраны старшынёй Італьянскай біскупскай камісіі па культуры і сацыяльных камунікацыях, візіт Льва XIV – гэта “канкрэтны знак блізкасці, суцяшэння і надзеі”, “Бог не забывае ніводнай перыферыі – ні геаграфічнай, ні духоўнай”.

“Маленькія дзяржавы, як і маленькія дыяцэзіі, выяўляюць аспект блізкасці, які Папа выказвае, наведваючы нас і клапоцячыся пра нас”, - дадаў іерарх, падзякаваўшы Пантыфіку “за айцоўскі позірк” на лакальны Касцёл у Сан-Марына, багаты ў гістарычным плане, “але не пазбаўлены цяжкасцяў”.

Дыяцэзія Сан-Марына ахоплівае як тэрыторыю Рэспублікі Сан-Марына (12 парафій), так і навакольныя італьянскія тэрыторыі (81 парафія). Рэзідэнцыя біскупа знаходзіцца ў італьянскім горадзе Пенабілі.

Да гэтага ўжо адбываліся папскія візіты ў Сан-Марына. Папярэднія мелі месца падчас пантыфікатаў Бэнэдыкта XVI (19 чэрвеня 2011 года) і святога Яна Паўла II (29 жніўня 1982 года).
 

29 мая 2026, 08:30