Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Мінску адзначылі 35-годдзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. 13 красавіка 2026 года ў архікатэдральным касцёле цэлебравалася святая Імша падзякі з гэтай нагоды. Узначаліў Эўхарыстыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Мітрапаліт назваў дзень адраджэння каталіцкіх структур ў Беларусі "добрай нагодай для паслухмяных дзяцей Касцёла, каб выказаць падзяку Богу і, вядома, усім асобам, духоўным і свецкім, якія спрычыніліся да гэтага адраджэння". Асаблівым чынам прамоўца ўзгадаў спачылых заслужаных іерархаў: кардынала Казіміра Свёнтэка і біскупа Казіміра Велікасельца.
У Гродне і Пінску святкавалі юбілей адраджэння структур Касцёла ў Беларусі. 18 красавіка 2026 года 35-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі адзначылі святой Імшой у катэдральнай базыліцы. Яшчэ адным выразам удзячнасці Богу стане перэгрынацыя ў дыяцэзіі копіі абраза Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. У Пінскім катэдральным касцёле 13 красавіка 2026 года святую Імшу падзякі цэлебраваў дапаможны біскуп Андрэй Зноска. Ардынарый, біскуп Антоні Дзям’янка наведаў вернікаў Гомеля, каб з імі ўзнесці малітву падзякі, сустрэцца з душпастырамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі рэгіёна, далучанага да дыяцэзіі 35 гадоў таму.
Канферэнцыя на тэму духоўнага адказу на выклікі сучаснага свету адбылася ў Бараўлянах. 13 красавіка 2026 года ў Пастаральным цэнтры імя святога Дамініка Савіо прайшла сустрэча ў межах фармацыйнай праграмы па ўзмацненні кампетэнцый духавенства і свецкіх супрацоўнікаў Беларусі ў душпастырскай і арганізацыйнай дзейнасці. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў духавенства, манаскіх супольнасцяў, экспертаў і свецкіх спецыялістаў, зацікаўленых у асэнсаванні сучасных выклікаў праз прызму хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Фінал конкурсу на веданне Святога Пісання прайшоў у Віцебску. 11 красавіка 2026 года ў катэдральным касцёле падвялі вынікі сёлетняга конкурсу, тэмай якога былі абраны прыпавесці Езуса. Падчас святой Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прывітаў кожную парафію з удзельнікамі і групамі падтрымкі: з Віцебска, Глыбокага, Докшыцаў, Полацка, Наваполацка, Шуміліна, Мёраў, Варапаева, Браслава, Барысава, Бабруйска, Мінска, Смаргоні, Заслаўя, Магілёва, Баранавіч і Гродна. У фінале прыняла ўдзел 61 асоба. Пераможцаў вызначылі па трох узроставых катэгорыях.
У парафію ў Волме перададзены рэліквіі благаслаўлёных мучанікаў з Пяршаяў. 12 красавіка 2026 года, у свята Божай Міласэрнасці вернікі касцёла святога Яна Хрысціцеля віталі арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, ксяндза Паўла Эйсманта і айца францішканіна Паўла Раманчука. Перад пачаткам святой Імшы ён бліжэй пазнаёміў парафіянаў з асобамі блаславёных мучанікаў Другой Сусветнай вайны, францішканаў з Пяршаяў: айца Ахілеса Пухалы і айца Германа Стэмпеня.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, catholicnews.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.