Пошук

USA-ABORTION/CATHOLICS

Тлумачэнне біскупаў ЗША: калі дзяржава мае права ўзяцца за меч

Старшыня Камісіі па пытаннях дактрыны епіскапату ЗША біскуп Джэймс Маса растлумачыў, дзе пралягае мяжа “справядлівай вайны”, і падкрэсліў, што словы Льва XIV з’яўляюцца голасам Евангелля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сувязі з нядаўнімі публічнымі дыскусіямі вакол пазіцыі Каталіцкага Касцёла па пытаннях вайны і міру, амерыканскі епіскапат выступіў з афіцыйнай заявай.

Біскуп Джэймс Маса нагадаў, што на працягу тысячагоддзя Касцёл нязменна прытрымліваецца тэорыі справядлівай вайны, на якую абапіраецца ў сваіх выказваннях і Святы Айцец. Гэтае вучэнне не з’яўляецца адвольным, а грунтуецца на строгіх маральных прынцыпах, што вызначаюць права дзяржавы на сілавы адказ.

Права на выкарыстанне зброі з’яўляецца выключнай мерай для абароны краіны

Спасылаючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, іерарх адзначыў, што дзяржава можа легальна “ўзяцца за меч” толькі ў выпадку неабходнай абароны. Аднак гэтая мера дапушчальная выключна тады, калі ўсе магчымасці для мірных перамоў былі цалкам вычарпаныя.

Іерарх удакладніў: каб вайна лічылася справядлівай, яна павінна быць менавіта абаронай ад агрэсара, які ўжо вядзе ваенныя дзеянні. Гэтым тлумачыцца і строгая пазіцыя Льва XIV, які сцвярджае, што Бог не прымае малітвы тых, хто з’яўляецца ініцыятарам кровапраліцця.

Папа прамаўляе як пастыр, ажыццяўляючы сваё служэнне дзеля абвяшчэння Евангелля

Асаблівую ўвагу біскуп Маса звярнуў на прыроду папскіх выступленняў. Ён падкрэсліў, што калі Леў XIV прамаўляе як Найвышэйшы Пастыр, ён не проста прадстаўляе прыватныя тэалагічныя погляды, а выконвае сваю місію Намесніка Хрыста праз прапаведаванне Евангелля. Гэта азначае, што яго заклікі да міру – не проста меркаванне, а духоўны заклік да ўсіх людзей добрай волі.

У сваёй заяве іерарх падкрэсліў, што гэта пазіцыя з’яўляецца неад’емнай часткай “паслядоўнага вучэння Касцёла”. Ён адзначыў, што заклік да малітвы і дзеянняў дзеля міру, а таксама патрабаванне пазбягаць зла і несправядлівасці падчас вайны – гэта агульны абавязак усіх людзей добрай волі, які вынікае з хрысціянскай маралі.
 

16 красавіка 2026, 09:50