Іспанія ў чаканні: валанцёры стануць тварам візіту Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падрыхтоўка да чэрвеньскага падарожжа Пантыфіка ў Іспанію набывае асаблівы размах. Як паведамілі ў мадрыдскай курыі, жаданне паслужыць падчас папскіх мерапрыемстваў выказала такая колькасць людзей, што арганізатарам прыйшлося пашырыць спіс з запланаваных 10 да 16 тысяч добраахвотнікаў. Гэты шматтысячны корпус памочнікаў аб’яднаў вернікаў з больш чым пяцісот парафій, паўтары сотні манаскіх кангрэгацый і шматлікіх каталіцкіх рухаў.
Аналіз заявак паказвае, што візіт Льва XIV мае выразнае моладзевае аблічча. Амаль палова зарэгістраваных – людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, сярод якіх пераважаюць жанчыны.
Ужо ў пачатку мая архідыяцэзія распачне маштабную праграму падрыхтоўкі. Валанцёры пройдуць навучанне па гарантаванні бяспекі, аказанні першай медыцынскай дапамогі і суправаджэнні асоб з інваліднасцю, каб кожны паломнік адчуваў сябе ўтульна падчас урачыстасцей.
Апостальскае падарожжа Льва XIV у Іспанію пройдзе з 6 па 12 чэрвеня 2026 года і ахопіць Мадрыд, Барселону і Канарскія астравы. Сталічная праграма пачнецца 6 чэрвеня 2026 года з малітоўнага чування моладзі на плошчы Ліма.
Кульмінацыяй мадрыдскай сустрэчы стане святая Імша на плошчы Сібелес 7 чэрвеня 2026 года, пасля якой цэнтральнымі вуліцамі горада пройдзе велічная працэсія Божага Цела, якую ўзначаліць Святы Айцец.