Візіт Папы ў Баменду – горад бежанцаў і надзеі на прымірэнне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У Бамендзе – найбуйнейшым горадзе рэгіёна – знайшлі прытулак тысячы бежанцаў, вымушаных пакінуць свае родныя вёскі, ратуючыся ад гвалту ўзброенага канфлікту, што працягваецца ўжо амаль дзесяць гадоў, расказала “Vatican News” Піна Увімана з Руху Факаляраў.
“Вельмі часта тут няма электрычнасці, няма вады, а ў першую чаргу няма працы”, - падкрэсліла яна, апісваючы мясцовыя рэаліі. Па словах касцельнай актывісткі, насельніцтва рэгіёна чакае прыбыцця Святога Айца з надзеяй на тое, што ён прынясе дар прымірэння.
У Бамендзе Леў XIV прыме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы, прысвечанай міру. У сувязі з гэтым Піна Увімана заўважыла, што ў горадзе пражываюць прадстаўнікі розных веравызнанняў, але канфлікты адбываюцца на моўнай глебе, а не рэлігійнай. Візіт Святога Айца, на яе думку, дапаможа ўмацаваць дыялог.
“Я чую, пра што людзі размаўляюць у таксі, аўтобусах, на рынках – усе чакаюць яго слова. Гэты крызіс не аслабіў іх веру, усе працягваюць верыць і спадзявацца”, - нягледзячы на гвалт, адзначыла актывістка ў размове з журналісткай Франчэскай Сабацінэлі.
Гаворачы пра грамадскія праблемы рэгіёна, Увімана звярнула ўвагу на міграцыю моладзі і цяжкасці, з якімі сутыкаюцца жанчыны, многія з якіх не маюць магчымасці вучыцца і працаваць, нярэдка вымушаны жыць у самотнасці і беднасці. Дапамога гэтым людзям – адзін з напрамкаў дзейнасці мясцовага Руху Факаляраў.
“Мы чакаем Папу – ён прыбудзе, каб маліцца з намі, а мы будзем маліцца з ім, каб прасіць аб дары супакою, надзеі і прымірэння, каб Камерун быў адным народам з адным сэрцам”, - падзялілася Піна Увімана.