Старшыня епіскапату ЗША: засмучаны словамі Трампа пра Папу
Арцыбіскуп Пол Коклі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, выказаў расчараванне ў сувязі з крытыкай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў адрас Льва XIV. Ён адзначыў, што такія словы з’яўляюцца зневажальнымі ў адносінах да Святога Айца.
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Я засмучаны тым, што прэзідэнт вырашыў напісаць такія зневажальныя словы ў адрас Святога Айца. Папа Леў не з’яўляецца яго супернікам, Папа – не палітык. Ён – намеснік Хрыста, які прамаўляе ад імя евангельскай праўды і клапоціцца пра душы людзей", - падкрэсліў арцыбіскуп Коклі.
Падобную пазіцыю заняў і італьянскі епіскапат, які выказаў поўную падтрымку Пантыфіку і расчараванне з нагоды выказванняў амерыканскага лідара. У заяве адзначаецца, што Папа не з’яўляецца палітычным апанентам, а наступнікам святога Пятра, пакліканым служыць Евангеллю, ісціне і міру. У час глабальных канфліктаў голас Папы застаецца заклікам да павагі чалавечай годнасці, дыялогу і адказнасці, - гаворыцца ў заяве італьянскіх біскупаў.
13 красавіка 2026, 15:01