Голас Лацінскай Амерыкі: біскупы падтрымалі Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У афіцыйнай заяве Прэзідыум Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM) выказаў глыбокую сыноўнюю адданасць і салідарнасць са Святым Айцом.
Гэты жэст стаў адказам на складаную міжнародную сітуацыю і крытыку на адрас Пантыфіка. Іерархі запэўнілі Папу ў сваёй малітве, просячы Бога ўмацаваць яго евангельскай сілай і пастырскай мудрасцю ў гэтыя дні, калі чалавецтва прагне заканчэння канфліктаў.
Біскупы падкрэслілі, што ў часы, пазначаныя ідалапаклонствам перад уладай і грашыма, прарочы голас Льва XIV гучыць як неабходнае папярэджанне. Лацінская Амерыка і Карыбы добра ведаюць цану гвалту: разбураныя жыцці, знішчаную сацыяльную структуру і маральнае вычарпанне. Паводле пераканання іерархаў, мір немагчыма імправізаваць – ён будуецца праз навяртанне сэрца, справядлівасць і прабачэнне.
Іерархі звярнуліся да Святога Айца з просьбай і надалей гучна выступаць супраць вайны, заахвочваючы да дыялогу і шматбаковых адносін паміж дзяржавамі. Яны выказалі гатоўнасць узмацніць яго сведчанне як апостала міру і дапамагчы ў пошуку рашэнняў для ўзброеных канфліктаў, якія нясуць смерць і пакуты.
У сваім звароце CELAM цытуе фундаментальную ісціну, якую нагадвае Леў XIV: “нішто не губляецца з мірам; усё можа быць страчана з вайной”. Гэты падыход сугучны з вучэннем Папы Францішка пра неабходнасць заставацца творцамі міру, здольнымі запускаць працэсы сустрэчы і аздараўлення.