Пошук

Удзельнікі святой Імшы з Папам у Бамендзе Удзельнікі святой Імшы з Папам у Бамендзе

Місіянерка з Камеруна: візіт Папы надасць голас нашым цярпенням

Малітоўная сустрэча з Папам у інтэнцыі міру “здаецца такой важнай не таму, што яна вырашыць усё, але таму, што стварае момант, калі мы можам зноў пачаць апавядаць нашы гісторыі, слухаць і, верагодна, паволі ацаляцца”.

Ян Глінскі

Такімі думкамі ў сваім сведчанні з нагоды візіту Папы Льва XIV у катэдру ў Бамэндзе падзялілася сястра Карын Тарла. Камерунка з Кангрэгацыі Беззаганнага Сэрца Марыі і дактарант Каталіцкага ўніверсітэта Цэнтральнай Афрыкі ў Яўндэ, апісала свае спадзяванні адносна пілігрымкі Пантыфіка на яе радзіму.

Сястра Карын Тарла адзначыла, што Леў XIV прыбыў у іншы Камерун, не той, які Бэнэдыкт XVI наведаў 17 гадоў таму. “Гэты візіт, – заўважыла яна, – адбываецца ў той час, калі многія з нас носяць пытанні, на якія мы не маем лёгкіх адказаў, і раны, з якімі мы навучыліся жыць”.

Манахіня адзначыла, што не чакае адказу ад Папы. “Я думаю, што многія з нас не чакаюць, – адзначыла яна. – Мы маем надзею на штосьці больш простае, а можа, і больш складанае: каб нас заўважылі, каб нас пачулі, каб нам нагадалі, што нашы пакуты не забытыя”.

Місіянерка спадзяецца, што словы Папы, прамоўленыя ў катэдры ў Бамэндзе, “будуць не толькі пачутыя, але і прынятыя, уцелаўлёныя”. Яна выказала спадзяванне, што словы Льва XIV выйдуць далёка па-за межы катэдры, “надаючы нашаму цярпенню голас, які будзе не так лёгка праігнараваць”.

“Рэальнасць складаная, і шлях наперадзе доўгі. Англамоўная сітуацыя застаецца балючым тупіком”, – падкрэсліла яна, выказваючы надзею на тое, што візіт Папы “паслужыць каталізатарам” для дыялогу па вырашэнні канфлікту.

Падсумоўваючы, камерунская законніца падкрэсліла, што візіт Папы не прынясе імгненных цудаў, але ён можа стаць шляхам да мужных змен: адноўленай гатоўнасці слухаць, нягледзячы на падзелы.

Леў XVI прыбывае ў Камерун падчас крызісу, які “адзначаецца маўчаннем”. “У мяне ў галаве застаўся ціхі вобраз: бацька наведвае сваіх дзяцей не для таго, каб усё выправіць, а каб пабыць з імі і нагадаць ім, што яны не адны. Менавіта так гэты візіт успрымаецца многімі з нас”, – адзначыла сястра Карын Тарла.
 

17 красавіка 2026, 11:09