Удзельнікі святой Імшы з Папам у Бамендзе Удзельнікі святой Імшы з Папам у Бамендзе 

Біскуп: Камерун мае надзею на мір пасля візіту Святога Айца

У Бамендзе, якую Леў XIV наведаў 16 красавіка 2026 года, чакалі ўсе – незалежна ад веравызнання, палітычных поглядаў ці пазіцыі ў грамадзянскім канфлікце, заўважыў біскуп дыяцэзіі Буэа Майкл Міабэсуэ Бібі.

Ян Глінскі

Папскі візіт можа дапамагчы завяршыць глыбокі грамадзянскі канфлікт у Камеруне, які працягваецца ўжо дзесяць гадоў, - падзяліўся сваімі спадзяваннямі іерарх у інтэрв’ю для ватыканскіх СМІ.

Англамоўная меншасць (6 мільёнаў чалавек, 20% насельніцтва) адчувае сябе маргіналізаванай франкамоўнай большасцю і патрабуе аддзялення. Сепаратысты стварылі ўзброеныя групоўкі. Сутыкненні, выкраданні людзей, падпалы, напады на мірных людзей – так выглядае штодзённасць мясцовых жыхароў ва ўмовах грамадзянскай вайны. Тысячы людзей загінулі, а больш за мільён былі вымушаны пакінуць свае дамы.

Біскуп дыяцэзіі Буэа звярнуў увагу на тое, што 15 красавіка падчас сустрэчы з уладамі і дыпламатычным корпусам зварот Пантыфіка прагучаў выразна і канкрэтна. “Мяркуючы па водгуках, словы Папы таксама былі вельмі добра ўспрынятыя англамоўнай грамадскасцю. І Папа сказаў вельмі простую рэч: вы павінны працаваць дзеля міру, вы павінны прымірыцца і аб’яднацца”, - распавёў іерарх.

Біскуп Міабэсуэ Бібі падкрэсліў, між іншым, што сепаратысты ўпершыню абвясцілі аб спыненні агню, і нагодай гэтаму стаў візіт Льва XIV. “Несумненна, гэта праява павагі да Папы, яго асобы і ўсяго Каталіцкага Касцёла. Адносна ж канфлікту, Каталіцкі Касцёл заўсёды быў вельмі паслядоўным, шукаючы ўсялякія шляхі, якія могуць дапамагчы дасягнуць міру, справядлівасці і прымірэння, спрабуючы прыцягнуць сепаратыстаў да шукання паразумення. Я вельмі хацеў бы, каб Касцёл быў пасярэднікам у гэтым дыялогу. Магчыма, тады мы зможам дасягнуць трывалага міру па ўсёй краіне. А гэтага хочуць усе – як католікі, так і некатолікі”, - падкрэсліў камерунскі іерарх.

Біскуп дыяцэзіі Буэа перакананы, што мір дасягнуць магчыма, калі ваюючыя бакі паспрабуюць разам адказаць на пытанне “што далей?”. Па словах іерарха, Касцёл, карыстаючыся “пазітыўнай, мірнай атмасферай вакол візіту Папы”, будзе спрыяць і заклікаць да ўмацавання дыялогу. “Мы будзем гаварыць пра мір і справядлівасць, пра неабходнасць прымірэння. Мы будзем маліцца, каб пасля спынення агню, на які згадзіліся сепаратысты, надышоў час для дыялогу”, - адзначыў біскуп Міабэсуэ Бібі.
 

17 красавіка 2026, 10:28