Базіліка святога Аўгустына ў Анабе на фоне руін старажытнага Гіпона Базіліка святога Аўгустына ў Анабе на фоне руін старажытнага Гіпона 

Анаба: спадчына святога Аўгустына ў месцы старажытнага Гіпона

У алжырскім горадзе Анаба, збудаваным на месцы старажытнага Гіпона, дзе жыў і служыў святы Аўгустын, працягваецца жывая традыцыя захавання яго духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пры мясцовай Базіліцы святога Аўгустына служаць усяго тры манахі – айцец Фрэд Вэкеса з Кеніі, айцец Дамінік Абакук Юма Гбефе Юма з Паўднёвага Судана і айцец Левецікус Лонгзем Шайлонг з Нігерыі. Яны выконваюць важнае заданне – клапоцяцца пра захаванне памяці свайго вялікага духоўнага айца, распавядае Тыцыяна Кампізі, журналістка “Vatican News”, якая суправаджае Папу ў яго афрыканскім падарожжы.

14 красавіка 2026 года невялікую аўгустынскую супольнасць наведае Леў XIV. Асаблівае значэнне ў працы манахаў мае клопат пра бібліятэку, што знаходзіцца ў крыпце храма і вядомая як “Прастора святой Монікі”. Яна стала своеасаблівым вяртаннем да вытокаў: яшчэ святы Пасідый Каламскі – паплечнік і біёграф святога Аўгустына – апісваў вялікую бібліятэку ў Гіпоне, поўную кніг, казанняў і лістоў. Сам святы Аўгустын заклікаў старанна захоўваць яе для наступных пакаленняў, але ў часы нашэсця вандалаў на Паўночную Афрыку гэтая спадчына была страчана.

Аўгустынцы ўзялі пад апеку Базіліку святога Аўгустына ў Анабе ў 1933 годзе, адказаўшы на запрашэнне біскупа Канстынтыны Эміля-Жана-Франсуа Т’енара. Манахі аднавілі таксама бібліятэку, у якой сёння знаходзяцца тысячы тамоў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, зборнікі казанняў і лістоў святога Аўгустына на розных мовах. Бібліятэка дае магчымасць усім жадаючым дакрануцца да багатай духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны гэтага Айца Касцёла.

Першапачаткова аўгустынская супольнасць Анабы складалася з выхадцаў з Мальты, аднак іх служэнне стала немагчымым у перыяд грамадзянскай вайны ў Алжыры. Пасля завяршэння канфлікту было прынята рашэнне аднавіць прысутнасць манахаў у месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю святога Аўгустына. Яго ініцыятарам стаў тагачасны генеральны прыёр ордэна, айцец Роберт Прэвост, сённяшні Папа Леў XIV. У 2013 годзе было вырашана стварыць у Анабе міжнародную манаскую супольнасць.

Мясцовыя аўгустынцы займаюцца душпастырствам, суправаджаюць гасцей і пілігрымаў, праводзяць сустрэчы, прысвечаныя культуры, духоўнасці і міжрэлігійнаму дыялогу, знаёмяць людзей з асобай святога Аўгустына, яго вучэннем, тэалогіяй і філасофіяй. Яны таксама аказваюць духоўную падтрымку манахіням з кангрэгацыі Малых Сясцёр Бедных у Анабе і пажылым людзям у доме апекі, дзе служаць сёстры.
 

14 красавіка 2026, 12:05