Святы Аўгустын – духоўны арыенцір візіту Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Постаць святога Аўгустына, біскупа Гіпоны, застаецца ў цэнтры ўвагі Пантыфіка падчас яго знаходжання ў Паўночнай Афрыцы. Гэтага святога і Доктара Касцёла называюць чалавекам вялікай палымянасці і веры, чый уплыў на заходнюю цывілізацыю настолькі глыбокі, што, паводле слоў Папы Бэнэдыкта XVI, усе шляхі лацінскай хрысціянскай літаратуры вядуць менавіта ў Гіпону.
Святы Аўгустын нарадзіўся ў 354 годзе ў Тагасце. Яго шлях да Бога не быў простым: нягледзячы на хрысціянскае выхаванне, атрыманае ад маці, святой Монікі, у маладосці ён аддаліўся ад Касцёла. Пошукі ісціны вялі яго праз захапленне рыторыкай, філасофіяй Цыцэрона і нават праз пастку маніхейства, якое абяцала рацыянальнае тлумачэнне свету. Аднак сапраўдны спакой яго неспакойнае сэрца знайшло толькі ў Хрысце.
Важным пунктам гэтага шляху стаў Мілан, дзе Аўгустын, захапіўшыся казаннямі святога Амброзія, адкрыў для сябе глыбіню Святога Пісання. У 386 годзе адбылося яго канчатковае навяртанне, а праз год, у велікодную ноч, ён прыняў хрост.
Вярнуўшыся ў Афрыку, Аўгустын марыў пра манаскае жыццё, але Провід меў іншыя планы. У 395 годзе ён стаў біскупам Гіпоны. На працягу 35 гадоў свайго служэння ён нястомна прапаведаваў, апекаваўся беднымі і змагаўся з ерасямі, якія пагражалі еднасці Касцёла.
Яго жыццё скончылася ў 430 годзе падчас аблогі горада вандаламі. Нават у апошнія дні, пакутуючы ад ліхаманкі, ён маліўся пакаяннымі псальмамі, застаючыся прыкладам поўнага даверу Богу.