Кардынал Жан-Поль Веско (у цэнтры) Кардынал Жан-Поль Веско (у цэнтры)  (AFP or licensors)

Кардынал Веско: візіт Папы ў Алжыр – пасланне для ўсяго свету

Прысутнасць Льва XIV у Алжыры стане важным пасланнем братэрства, якое ў момант глабальнага крызісу будзе мець значэнне далёка за межамі афрыканскага кантынента.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Алжыра кардынал Жан-Поль Веско заўважае, што надыходзячы візіт Пантыфіка выклікае незвычайную цікавасць сярод мясцовых мусульман. Паводле слоў іерарха, алжырцы – людзі з глыбокай душэўнай чуласцю, для якіх асабістыя сустрэчы, позіркі і супольна праведзены час важаць значна больш, чым словы.

Кардынал падкрэслівае, што многія яго сябры-мусульмане ў апошнія дні актыўна цікавіліся асобай Льва XIV, які ўжо неаднаразова наведваў гэтую краіну раней і добра ведае яе асаблівасці.

Касцёл у краіне застаецца нешматлікім, але яго прысутнасць глыбока ўплецена ў жыццё грамадства.

Гэтая прысутнасць, якую кардынал называе "дыскрэтнай", адыгрывае ключавую ролю ў часы палітычных і эканамічных пераўтварэнняў, якія зараз перажывае Алжыр. Як адзначае ў інтэрв’ю “SIR”кардынал Веско, якасць сувязей, а не іх маштаб, вызначае вартасць каталіцкай супольнасці. Прыкладам таму служыць праца Малых Сясцёр Бедных, якія даглядаюць хворых і адзінокіх людзей сталага веку, большасць з якіх вызнаюць іслам. Менавіта ў такім штодзённым служэнні нараджаецца глыбокая ўзаемная пашана і давер.

Кроў мучанікаў стала насеннем для сучасных адносін салідарнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі.

Асобнае месца ў падрыхтоўцы да візіту займае памяць пра 19 мучанікаў. Іх рашэнне застацца ў Алжыры ў трагічныя гады тэрарызму стала калектыўным сведчаннем вернасці народу. Кардынал Веско перакананы, што Святы Айцец убачыць плён гэтай ахвяры: сёння католікі не ўспрымаюцца як нехта чужы, бо яны падзялілі з мясцовымі людзьмі іх пакуты і страхі.

Як лічыць кардынал Веско, для Пантыфіка Алжыр з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для прасоўвання культуры сустрэчы. У свеце, ахопленым напружанасцю, мясцовы досвед мірнага суіснавання розных рэлігій можа даць каштоўныя падказкі для ўсяго чалавецтва. Гэты візіт не абмяжуецца сімваламі, але павінен падтрымаць канкрэтную прастору для дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і простымі людзьмі.
 

13 красавіка 2026, 08:44