Сусветны саюз каталіцкіх жанчын ініцыяваў дыялог аб міры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
5 сакавіка 2026 года ў Рыме прайшла анлайн-сустрэча "Жанчыны веры: носьбіты міру і надзеі". Яе арганізавалі Сусветны саюз каталіцкіх жаночых арганізацый сумесна з Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу. Як падкрэсліваецца ў афіцыйным прэс-рэлізе арганізатараў, у форуме прынялі ўдзел больш за 250 чалавек і прадстаўніцы 6 асноўных рэлігій свету.
Адкрываючы мерапрыемства, прэфект Дыкастэрыі кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад адзначыў, што мір не трымаецца выключна на палітычных дамовах. Ён патрабуе пераадолення страху і штодзённай працы па абароне годнасці чалавека.
У сваю чаргу старшыня саюза Моніка Сантамарына дадала, што для жанчын мір з'яўляецца канкрэтнай місіяй. Яна прыгадала словы Папы Льва XIV пра неабходнасць усталявання "бяззбройнага і абяззбройваючага міру" праз нябачнае, але настойлівае служэнне грамадству.
Сваім бачаннем праблемы падзяліліся прадстаўніцы ісламу, будызму, індуізму, юдаізму, каталіцтва і экуменічнага кірунку.
Такія сустрэчы праводзяцца з 2019 года, каб паказаць трагічную рэальнасць сучасных канфліктаў і падкрэсліць здольнасць жанчын ствараць трывалыя адносіны, прыносячы ў свет надзею.