2023.05.27   tydzien belarus 2023.05.27 tydzien belarus 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Крыжовы шлях у гарадах Беларусі, сустрэча міністрантаў, малітва аб супакоі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Гарадскія набажэнствы Крыжовага шляху праходзяць у Беларусі. 22 сакавіка 2026 года ў Баранавічах працэсія прайшла па вуліцах горада. Несучы крыж, вернікі, святары, кансэкраваныя асобы разважалі аб муках Пана, спявалі Песні жальбы. Увечары 28 сакавіка Крыжовы шлях пройдзе па вуліцах Гродна, таксама гарадскія набажэнствы правядуць яшчэ ў некалькіх населеных пунктах заходняга рэгіёна.

"Легіён Марыі" моліцца аб супакоі ў свеце. 28 сакавіка 2026 года ў мінскім архікатэдральным касцёле прадстаўнікі руху сабраліся на сваю чарговую сустрэчу з інтэнцыяй аб супакоі і запрасілі далучыцца да супольнай малітвы ўсіх, каму неабыякавы лёс свету і Беларусі. Святую Імшу падчас сустрэчы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Біскуп Гродзенскі ва ўрачыстасць Звеставання Пана нагадаў аб пакліканні "быць абаронцамі жыцця". 25 сакавіка 2025 года гродзенская парафія Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Імшу цэлебраваў біскуп Уладзімір Гуляй у прысутнасці святароў і вернікаў розных парафій горада, студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, манахінь Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. З нагоды Дня святасці жыцця іерарх сцвердзіў, што "мы пакліканы самі стаць абаронцамі жыцця – у нашых сем’ях, нашых парафіях, нашым грамадстве".

У Мінску прайшла дыяцэзіяльная велікапосная сустрэча міністрантаў. 26 сакавіка 2026 года архікатэдральны касцёл сабраў на сустрэчу міністрантаў з розных частак Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, агулам – 57 чалавек. Для хлопцаў прачыталі катэхезу з інтэрактыўным складнікам, а Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у акцыі, прысвечанай памяці ахвяр Хатыні. 22 сакавіка 2026 года ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" адбылося мерапрыемства "Прыйдзі і пакланіся", прысвечанае 83-й гадавіне трагедыі вёскі, спаленай нацыстамі разам з амаль 150 жыхарамі. У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі асноўных рэлігій і канфесій Беларусі, ад імя католікаў памяць ахвяраў Хатыні ўшанаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.
 

28 сакавіка 2026, 08:38