2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агульнабеларуская навэнна, рэкалекцыі сужэнстваў, віншаванне жанчын – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе праходзіць шосты дзень Агульнабеларускай навэнны. 7 сакавіка 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі і ў парафіях архідыяцэзіі адбываюцца набажэнствы ў шосты дзень Агульнабеларускай навэнны, праз якую Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і якая з’яўляецца выразам удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У сакавіку вернікі моляцца ў інтэнцыі перапрашэння за грахі супраць жыцця і з просьбай аб захаванні хрысціянскіх традыцый у сям’і. Адказнымі за правядзенне шостага дня навэнны ў Будславе вызначаны ксяндзы хрыстусоўцы і сёстры назарэтанкі.

У гродзенскай катэдры адзначылі з удзелам біскупа Уладзіміра Гуляя свята святога Казіміра. 4 сакавіка 2026 года, у дзень апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, у катэдральным касцёле адбылася ўрачыстая Імша. Літургію цэлебраваў у інтэнцыі супольнасці дыяцэзіі біскуп Гродзенскі. Вітаючы канонікаў капітулу, іерарх пажадаў, каб прыклад святога Казіміра ўмацоўваў іх "у вернасці пакліканню, у еднасці і ў пастаянным пошуку Божай праўды", і нагадаў прысутным, што "святасць – пакліканне кожнага ахрышчанага".

У Пінску прайшлі рэкалекцыі для сужэнстваў. З 27 лютага па 1 сакавіка 2026 года ў Пастаральным цэнтры Пінскай дыяцэзіі адбыліся духоўныя практыкаванні для сужэнскіх пар. Рэкалекцыі праводзіў айцец Віктар Жук і ксёндз Андрэй Рылка. Сёлетнія практыкаванні сабралі амаль 40 жадаючых абнавіць свае адносіны ў сужэнстве. Праграма рэкалекцый грунтуецца на духоўнасці каталіцкага сямейнага руху "Сужэнскія шляхі". Штогод у лютым Пастаральны цэнтр у Пінску становіцца асаблівай пляцоўкай для спаткання сужэнскіх пар, якія жадаюць прайсці духоўнае абнаўленне.

Са святам жанчын павіншаваў біскуп Гродзенскі. 6 сакавіка 2026 года, напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, супрацоўніцы Гродзенскай курыі і прэс-службы дыяцэзіі атрымалі віншаванні ад біскупа Уладзіміра Гуляя. Таксама іерарх звярнуўся да ўсіх жанчын дыяцэзіі і Беларусі. Ён падзякаваў верніцам "за цярплівасць і вернасць, за ахвярнасць і клопат, за малітву, якой часта ніхто не бачыць, але якая падтрымлівае свет". І даручыў кожную жанчыну "мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі – Жанчыны надзеі і Маці Касцёла", пажадаў, каб Яна "вучыла даверу да Бога, супакою сэрца і радасці служэння".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.
 

07 сакавіка 2026, 09:18