Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы з нагоды стагоддзя Ваеннага ардынарыяту Італіі Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы з нагоды стагоддзя Ваеннага ардынарыяту Італіі  (@Vatican Media)

Кардынал Паралін: малітва за мір і салдат

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін узначаліў урачыстую святую Імшу з нагоды стагоддзя Ваеннага ардынарыяту Італіі, заклікаўшы да малітвы за мір і згоду паміж людзьмі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Раніцай 3 сакавіка 2026 года ў рымскай базіліцы святога Паўла па-за Мурамі сабраліся прадстаўнікі розных родаў войск – ад карабінераў да маракоў, каб адзначыць юбілей структуры, заснаванай у 1926 годзе для духоўнай апекі над вайскоўцамі.

Звяртаючыся да прысутных, кардынал П’етра Паралін падкрэсліў, што ў сучасным свеце, напоўненым канфліктамі, Касцёл нястомна прасоўвае культуру міру. На думку іерарха, якую прыводзіць журналіст Даніэле Пічыні з італьянскай рэдакцыі “Vatican News”, мір не з’яўляецца “бяззбройнай наіўнасцю”, але ўяўляе сабой цярплівую пабудову справядлівасці, дыялогу і абароны фундаментальных правоў.

Місія ваеннага капелана – гэта суправаджэнне сумлення салдата ў складаных этычных умовах.

Тлумачачы Евангелле ад Мацвея, Дзяржаўны сакратар перасцярог ад паводзін фарысеяў, заклікаўшы капеланаў да “пакорнай паслядоўнасці”. Ён адзначыў, што аўтарытэт павінен выражацца праз служэнне, а не праз прыгнёт.

Падчас Імшы з нагоды стагоддзя Ваеннага ардынарыяту Італіі
Падчас Імшы з нагоды стагоддзя Ваеннага ардынарыяту Італіі   (@Vatican Media)

 

Крыж Езуса Хрыста, паводле слоў кардынала Параліна, павінен заставацца парадыгмай любой хрысціянскай улады, асабліва ў складаным геапалітычным кантэксце, дзе этычнае распазнаванне становіцца ўсё больш і больш цяжкім.

Сапраўдная сутнасць служэння ў войску заключаецца ў павазе да годнасці кожнай асобы нават пасярод канфлікту.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што ў вайсковым асяроддзі, дзе пануюць дысцыпліна і адказнасць, прысутнасць Касцёла не павінна стаць дадатковым цяжарам. Наадварот, капелан пакліканы ствараць “прастору для дыхання”, дапамагаючы салдату заставацца свабодным унутрана, каб паслухмянасць не ператваралася ў безадказнасць.

У гэтым кантэксце кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада згадаў вучэнне Другога Ватыканскага Сабора аб сумленні як самым патаемным месцы чалавека, дзе ён знаходзіцца сам-насам з Богам.

Кардынал Паралін пажадаў, каб служэнне вайскоўцаў стала бачным знакам перамогі над гвалтам, якую здзейсніў Хрыстус у сваім Уваскрасенні.
 

03 сакавіка 2026, 13:54