Пошук

Кардынал Блэйз Сьюпіч Кардынал Блэйз Сьюпіч   (2025 Getty Images)

Кардынал Сьюпіч заклікае ЗША да стрыманасці і дыялогу

Кардынал Блэйз Сьюпіч перасцерагае ад некантраляванай эскалацыі на Блізкім Усходзе і заклікае абараняць чалавечую годнасць мігрантаў, абапіраючыся на прынцыпы Евангелля і статут ААН.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сусветная супольнасць апынулася на небяспечным раздарожжы, дзе прывычка вырашаць спрэчкі сілай зноў становіцца нормай. У інтэрв’ю для "Vatican Media" арцыбіскуп Чыкага, кардынал Блэйз Сьюпіч, падзяліўся трывогай наконт апошніх падзей у свеце, асабліва пасля ўзаемных удараў Ірана, Ізраіля і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Іерарх падкрэсліў, што аднойчы адчыненыя дзверы для вайны вельмі цяжка зачыніць, а наступствы могуць стаць непапраўнымі.

Вяртанне да міжнароднага кансэнсусу як адзіны шлях захавання міру

Спасылаючыся на нядзельны зварот Льва XIV падчас малітвы “Анёл Панскі”, кардынал адзначыў, што Святы Айцец сёння выконвае ролю сумлення свету. Ён нагадвае дзяржавам пра прынцыпы, прынятыя пасля Другой сусветнай вайны, якія гарантуюць суверэнітэт і павагу да правоў чалавека.

Сьюпіч выказаў занепакоенасць тым, што гэты шматгадовы кансэнсус разбураецца, саступаючы месца палітычнаму рэлятывізму, дзе праўда становіцца толькі пытаннем асабістага меркавання.

Інтэрв'ю з кардыналам Блэйзам Сьюпічам

Гаворачы пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, кардынал Сьюпіч паставіў пад сумнеў дапушчальнасць ваенных удараў па суверэнных краінах, калі няма непасрэднай пагрозы, якую трэба нейтралізаваць. Ён нагадаў, што такая логіка прывяла да Першай сусветнай вайны, якая пачыналася як "хуткае вырашэнне праблемы", а скончылася мільёнамі ахвяр. Паводле яго слоў, Касцёл павінен быць голасам ісціны ў свеце ілюзій і ілжывых навін.

Абарона годнасці мігрантаў і пераадоленне палярызацыі ў грамадстве

Акрамя знешняй палітыкі, кардынал закрануў вострыя пытанні ўнутранага жыцця Злучаных Штатаў Амерыкі, у прыватнасці праблему міграцыі. Ён рашуча выступіў супраць масавых дэпартацый, якія разбураюць сем’і і прыніжаюць людзей. Сьюпіч перакананы, што права дзяржавы на ахову меж не павінна супярэчыць павазе да правоў асобы – гэтыя два прынцыпы могуць і павінны суіснаваць у гармоніі.

На заканчэнне арцыбіскуп Чыкага падзяліўся радасцю ад таго, што Папа Леў XIV паходзіць з яго роднага горада. Гэта падзея выклікала духоўны ўздым: у Чыкага назіраецца дваццаціпрацэнтны рост колькасці моладзі, якая жадае прыняць хрост або далучыцца да каталіцкай супольнасці.

Кардынал заклікаў вернікаў не кампраметаваць Евангелле дзеля партыйнай палітыкі і заставацца вернымі Хрысту нават у самыя турбулентныя часы.
 

05 сакавіка 2026, 11:01