Кардынал Цімаці Рэдкліф падчас духоўных практыкаванняў у Кіеве Кардынал Цімаці Рэдкліф падчас духоўных практыкаванняў у Кіеве 

Кардынал Рэдкліф у Кіеве: надзея мацнейшая за лозунгі вайны

Брытанскі кардынал Цімаці Рэдкліф падчас візіту ў Кіеў заклікаў украінцаў да трывалай надзеі, падкрэсліўшы, что Божы мір пераможа нават у часы самага цяжкага выпрабавання вайной.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

27 лютага 2026 года брытанскі кардынал Цімаці Рэдкліф, вядомы тэолаг і былы генерал Ордэна дамініканаў, прыбыў у Кіеў для правядзення духоўных практыкаванняў. Яго візіт стаў знакам салідарнасці ў свеце, ахопленым эскалацыяй насілля.

Іерарх адзначыў для медыя Святога Пасада, што яго галоўная мэта – не навучаць, а вучыцца ў тых, хто пакутуе. Гэта, паводле яго слоў, з’яўляецца сутнасцю сінадальнасці – слухаць Бога і адзін аднаго.

Малітва "Ойча наш" застаецца галоўным дарам для чалавека ў пакутах

Цэнтральнай тэмай рэкалекцый стала малітва "Ойча наш". Кардынал нагадаў, што Езус маліўся ёй перад сваімі пакутамі, таму яна жыццёва неабходная ўсім, хто сутыкаецца са смерцю.

Разважаючы пра глабальныя канфлікты ва Украіне, Афрыцы і на Блізкім Усходзе, Рэдкліф падкрэсліў важнасць хрысціянскага сведчання. Ён нагадаў, што Эўхарыстыя была ўстаноўлена менавіта ў момант поўнай безнадзейнасці, стаўшы найвялікшым Сакрамэнтам надзеі.

Хрысціянскае сведчанне павінна пацвярджаць, што мір магчымы

Асаблівую ўвагу іерарх удзяліў культуры дыялогу. Прадстаўляючы сваю кнігу "Сем апошніх слоў", якая выйшла ва Украіне, ён перасцярог ад спакусы закрывацца ў часе гвалту. Паводле кардынала, сучасны свет перапоўнены лозунгамі, якія замяняюць сапраўднае мысленне.

Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, прамоўленыя падчас студзеньскага кансісторыя ў Рыме, кардынал Рэдкліф заклікаў вернікаў слухаць не толькі вушамі, але і ўяўленнем. Здольнасць зразумець, чаму іншы чалавек думае інакш, з’яўляецца, на яго думку, вялікім дарам Касцёла для свету, які пакутуе ад насілля.
 

03 сакавіка 2026, 11:19