Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

“Мы не можам маўчаць”: малітоўны марафон манахінь за мір

Міжнародны саюз генеральных настаяцельніц (UISG) заклікае вернікаў усяго свету далучыцца да дня малітвы, посту і дзеяння дзеля дасягнення “абяззброеннага міру” ва ўсім свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У адказ на эскалацыю насілля, якая ахапіла шматлікія рэгіёны планеты, арганізацыя, што прадстаўляе больш за 1 900 жаночых манаскіх кангрэгацый і аб’ядноўвае амаль 600 тысяч законніц на шасці кантынентах, абвясціла аб правядзенні міжнароднай малітоўнай ініцыятывы.

Набажэнства пройдзе ў пятніцу, 6 сакавіка 2026 года, у 15.30 па рымскім часе і будзе трансліравацца ў прамым эфіры, каб аб’яднаць рэлігійныя супольнасці ва ўсім свеце.

Выканаўчы сакратар UISG сястра Роксан Шарэс падкрэсліла, што манахіні не могуць захоўваць маўчанне перад тварам спіралі разбурэння, якая зневажае чалавечую годнасць і ставіць пад пагрозу будучыню новых пакаленняў. Сёстры, якія штодня працуюць з бежанцамі, параненымі і разбуранымі сем’ямі, сведчаць, што мір – гэта не абстракцыя, а фундаментальная чалавечая патрэба.

Удзельнікі малітоўнай ініцыятывы маюць намер даручыць міласэрнаму Богу ахвяр усіх канфліктаў і пацвердзіць сваю гатоўнасць разам будаваць свет, які стане сапраўдным домам для кожнага чалавека.
 

05 сакавіка 2026, 09:15