Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Гадавіна пасвячэння мінскай катэдры, пасяджэнне епіскапату, "Духоўнае ўсынаўленне" – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскупы абмеркавалі стан рамонтных прац у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Гэта адбылося падчас пленарнага пасяджэння біскупскай Канферэнцыі, якое прайшло 18 сакавіка 2026 года ў Мінску. Сустрэча пачалася супольнай малітвай, у якой іерархі ўзгадалі памерлага біскупа Казіміра Велікасельца. Падчас пасяджэння таксама абмеркавалі шэраг бягучых пытанняў, якія датычаць рэлігійнага і эканамічнага жыцця Касцёла ў Беларусі, формы дзейнасці пэўных супольнасцей і агульны курс сінадальнасці, зацвердзілі план агульнабеларускіх мерапрыемстваў на 2027 год.

У Мінску з удзелам іерархаў урачыста адзначылі гадавіну пасвячэння катэдральнага касцёла. 16 сакавіка 2026 года, у 316-ю гадавіну пасвячэння галоўнай святыні архідыяцэзіі, адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Падчас свята ў працэсіі да алтара былы пробашч катэдральнай парафіі ксёндз Антоній Клімантовіч і цяперашні пробашч ксёндз Дзмітрый Пухальскі прынеслі абраз Маці Божай Вастрабрамскай, які раней знаходзіўся ў бочнай капліцы касцёла. Дзякуючы намаганням ксяндза Клімантовіча абраз прайшоў рэстаўрацыю і займеў срэбраныя шаты. Асвячэнне адноўленага абраза здзейсніў біскуп Юрый Касабуцкі. Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначыў, што "ў гісторыі мінскай катэдры, як у люстэрку, праглядаецца гісторыя Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне – часы яго росквіту, ганенняў і адраджэння".

У Гродне адбыліся пасяджэнні сінадальных камісій. 20 сакавіка 2026 года ў офісе таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі прайшло працоўнае пасяджэнне камісіі па справах дабрачыннага служэння. У сустрэчы ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён падзякаваў членам камісіі за актыўнае ўключэнне ў справу інтэнсіфікацыі рэлігійнага жыцця ў мясцовым Касцёле. 14 сакавіка пры гродзенскай катэдральнай парафіі адбылося працоўнае пасяджэнне камісіі па справах душпастырства моладзі. У сустрэчы таксама ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі. Старшыня камісіі ксёндз Яўген Амасёнак азнаёміў прысутных з перспектывамі развіцця душпастырства моладзі ў дыяцэзіі і з прапановамі па яго аптымізацыі.

У Баранавічах адбыліся рэкалекцыі цвярозасці. 13-15 сакавіка 2026 года ў мясцовым Катэхетычным каледжы прайшлі духоўныя практыкаванні арганізаваныя ў рамках міждыяцэзіяльнага душпастырства цвярозасці. На працягу трох дзён удзельнікі гэтага малітоўнага спаткання падчас супольнай Эўхарыстыі, набажэнстваў і духоўных размоваў са святарамі шукалі ў Божым Слове адказу на пытанні, якія хвалююць тых, хто сустрэўся з праблемай алкагольнай залежнасці, выклікаў звязаных з трываннем у духу цвярозасці, а таксама з разнастайнымі аспектамі жыцця сям’і тых, хто змагаецца з наступствамі залежнасцяў.

Біскупы заклікалі да ўдзелу ў "Духоўным усынаўленні". Гэта 9-месячная малітва аб зачатым дзіцяці, якому пагражае аборт. Яна пачнецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 2026 года. "Заклікаем усіх актыўна дзейнічаць дзеля абароны чалавечага жыцця і прыняць гэты абавязак малітвы за зачатае чалавечае жыццё, якое знаходзіцца пад пагрозай", – звярнуліся каталіцкія біскупы Беларусі. Яны адзначылі, што гэта малітва "з’яўляецца нашым удзелам у будаванні будучыні Касцёла, грамадства і дзяржавы".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.

21 сакавіка 2026, 07:01