Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Малітва за спачылага іерарха, развітанне са святарамі, Крыжовы шлях міністрантаў – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Пружанах і Гомелі памаліліся за спачылага біскупа Казіміра Велікасельца ў 30-ы дзень пасля смерці. На малой радзіме іерарха, у Пружанах 10 сакавіка 2026 года біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі сабраліся на супольную малітву. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі і адзначыў, што спачылы іерарх увесь час быў з’яднаны з Богам на малітве, звяртаючыся да Яго ў радасці і ў горы, таму меў сілу перажыць розныя часы. Напярэдадні ў Гомелі, дзе апошнія гады служыў біскуп Велікаселец, Імшу да 30 дзён яго смерці цэлебраваў Дапаможны біскуп дыяцэзіі Андрэй Зноска.

Дзень засяроджання для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. 12 сакавіка 2026 года сустрэча прайшла ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі. Гэты дзень засяроджання быў другім у межах сёлетняга Вялікага посту. У праграме была канферэнцыя на тэму вернасці святарскай ідэнтычнасці як фундамента добрай будучыні Касцёла. Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі ў інтэнцыі ўсяго духавенства дыяцэзіі. У гаміліі ён нагадаў, што святарскае служэнне "пачынаецца не з дзейнасці, не з арганізацыйных здольнасцяў і нават не з плённай пастырскай працы, а з глыбокага і жывога слухання Бога".

З двума святарамі развіталіся ў Пінскай дыяцэзіі. Беларусь вымушаны пакінуць два польскіх святара, якія шмат гадоў служылі на Брэстчыне. Як паведаміў праз дыяцэзіяльны сайт біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка ў сваім звароце да вернікаў, Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгадненне на далейшае служэнне святароў. 8 сакавіка 2026 года з імі развіталіся ў парафіях. Гэта ксёндз Адам Страчынскі, які на працягу 11 гадоў быў душпастырам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы, і ксёндз Павел Кручэк, які 13 гадоў служыў у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы. Такім чынам, адразу шэсць парафій у трох раёнах засталіся без святароў. Ардынарый адзначыў, што дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай.

У Мінску прайшоў Крыжовы шлях для міністрантаў. 12 сакавіка 2026 года ў архікатэдральным касцёле адбылося набажэнства з удзелам міністрантаў сталіцы. Перад ім цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У сваей гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што традыцыя Крыжовага шляху мае глыбокі духоўна-маральны фундамент, і менавіта дзякуючы ёй мы асаблівым чынам разумеем ахвяру Езуса Хрыста на Крыжы. Падчас набажэнства ў стацыях маладыя хлопцы разважалі над праявай бясконцай любові Сына Божага да чалавецтва.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.

14 сакавіка 2026, 07:51