Тэалагічныя сустрэчы ў Рыецы: прарочыць мір у час вайны
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як адрадзіць духоўнасць ненасілля і ўмацаваць прарочыя галасы ў рэлігійных супольнасцях і грамадстве ў час, пазначаны ўсё новымі ўзброенымі канфліктамі? Як хрысціянскія і мусульманскія супольнасці Міжземнамор’я могуць сведчыць пра мір у культуры, поўнай страху і геапалітычнай напружанасці? Як вера можа натхніць канкрэтныя жэсты прымірэння ў той час, калі вайна зноў становіцца ўсё больш рэальнай пагрозай? Над гэтымі пытаннямі будуць разважаць католікі, праваслаўныя, пратэстанты і мусульмане, якія прымуць удзел у тэалагічнай сустрэчы.
Сярод запрошаных выкладчыкаў – эксперты розных традыцый: Сіхем Джэбі, мусульманка, выкладчыца паліталогіі і міжнародных адносін універсітэтаў Парыжа і Неапаля; праваслаўны епіскап з Сербіі Грыгорый Дурыч, вядомы актыўным удзелам у экуменічным дыялогу; Стыпе Одак, прафесар прыкладной этыкі Каталіцкага ўніверсітэта Лёвена (Бельгія); Віёла Рахеб, палесцінская лютэранка, дырэктар праграм Фонду “Pro Oriente” ў Вене, спецыяліст па міжкультурным і міжрэлігійным дыялогу.
Рэгістрацыя кандыдатаў: да 15 красавіка 2026 года
Да ўдзелу ў сустрэчы запрашаюцца студэнты трэцяга, чацвёртага і пятага курсаў, аспіранты, дактаранты і выпускнікі факультэтаў тэалогіі розных канфесій (каталіцкай, пратэстанцкай, праваслаўнай і мусульманскай). Заяўку можна падаць да 15 красавіка 2026 года па наступнай спасылцы: https://forms.gle/P8pyUM3exoavTPCU7. Праграма прадугледжвае бясплатнае пражыванне і харчаванне. Мерапрыемства пройдзе ў “Domus Laurana” у Лаўране (Харватыя). Мова лекцый і семінараў – англійская. Колькасць удзельнікаў - 40 чалавек.