Прыёр Тэзэ: насенне гвалту расце, калі мы дэманізуем іншых
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Часта мы адчуваем сябе бяссільнымі перад абліччам полымя, якое ахапіла свет. Ніхто з нас не мае гатовых рашэнняў. Але ёсць адна рэч, якую мы ўсе можам рабіць – маліцца. Малітва дапамагае нам заставацца ўважлівымі да таго, што адбываецца, і бачыць, што канкрэтна мы можам зрабіць”, - адзначыў брат Мэцью ў інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “SIR”.
Прыёр падкрэсліў, што ў “Супольнасці з Тэзэ” кожную пятніцу праходзіць малітва за мір, якая збірае шмат моладзі. Гэта, паводле яго слоў, сведчыць пра глыбокую прагу міру сярод маладых людзей. Другім важным вымярэннем ён назваў прысутнасць побач з тымі, хто пакутуе.
Брат Мэцью расказаў, што рэгулярна наведвае рэгіёны, ахопленыя канфліктамі. Мінулае Божае Нараджэнне ён правёў ва ўкраінскім Запарожжы. Прыёр адзначыў, што вайна, якая працягваецца з 2014 года, пакідае глыбокія раны: “Страх перад бамбардзіроўкамі застаецца ў памяці назаўсёды. Гэта траўмы, якія перадаюцца наступным пакаленням”.
Паводле яго, нават пасля заканчэння вайны або надыходу перамір’я спатрэбіцца доўгі працэс аздараўлення: “Гэта запатрабуе ўвагі і ўмення слухаць і будзе доўжыцца пакаленнямі”.
Разважаючы пра шляхі прымірэння, прыёр узгадаў досвед брата Ражэ, заснавальніка “Супольнасці з Тэзэ”. Пасля Другой сусветнай вайны ён прымаў нямецкіх ваеннапалонных, падкрэсліваючы, што нельга вінаваціць цэлыя народы: “Ёсць лідары, якія выкарыстоўваюць сітуацыю, але іх віна не можа быць ускладзена на ўсю нацыю”. На думку брата Мэцью, гэта асабліва актуальна і сёння, бо “насенне гвалту працягвае прарастаць, калі мы дэманізуем цэлыя народы”.
Прыёр таксама нагадаў пра пакліканне хрысціян быць “будаўнікамі мастоў”: “Падчас вайны мы павінны быць побач з тымі, хто найбольш церпіць. Але калі прыйдзе мір, трэба будзе быць гатовымі дапамагаць і тым, хто знаходзіцца па другі бок, пераадольваць траўму і пачуццё віны”.
Пры гэтым, дадаў ён, нават без гатовых рашэнняў важна заставацца разам з людзьмі: “Мы бачым, як шмат робіцца за кулісамі – у супрацоўніцтве паміж рознымі Цэрквамі – і гэта не трапляе ў загалоўкі газет. Але менавіта ў гэтым наша роля: быць, як закваска, чымсьці малым, што робіць розніцу”.