Рэформа і дух супрацоўніцтва: новы этап Мальтыйскага ордэна
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дух супрацоўніцтва і сінергія ў адносінах сталі цэнтральнымі тэмамі дыялогу паміж кіраўніцтвам Суверэннага Вайсковага Мальтыйскага Ордэна і яго кардыналам-патронам.
У матэрыяле, апублікаваным на афіцыйным сайце Ордэна і падрыхтаваным для часопіса “L’Orma”, падкрэсліваецца важнасць сумеснай працы для падтрымкі 13 500 чальцоў і больш чым 200 000 валанцёраў. Гэта служэнне, якое ахоплівае 130 краін свету, з’яўляецца бачным сведчаннем веры нават у самых аддаленых кутках планеты.
Працэс рэформы, распачаты ў 2022 годзе з прыняццем новай Канстытуцыі, атрымаў пацвярджэнне ад Папы Льва XIV. Фра Эмануэль Русо адзначыў, што Ордэн накіраваў значныя рэсурсы на духоўнае абнаўленне, якое ініцыяваў яшчэ Папа Францішак. Вялікі камандор высока ацаніў ролю кардынала Гірланды, эксперта ў кананічным праве, які аказаў вырашальную дапамогу ў распрацоўцы новага Кодэкса. Са свайго боку, кардынал падкрэсліў неабходнасць захавання ўнікальнасці “мальтыйскага паклікання” ў складаных сучасных умовах.
Асаблівая ўвага ў гутарцы была нададзена падрыхтоўцы новых кандыдатаў да манаскага жыцця. Сучасныя выклікі патрабуюць “трывалай фармацыі і сапраўднага распазнавання”, што з’яўляецца прыярытэтам для Ордэна.
Фра Эмануэль рашуча адмежаваўся ад некаторых журналісцкіх публікацый, якія ставілі пад сумнеў лаяльнасць кардынала-патрона, заявіўшы, што яго падтрымка і духоўная блізкасць заўсёды заставаліся адчувальнымі і непахіснымі.
Кардынал Гірланда таксама выступіў з асуджэннем паклёпніцкіх артыкулаў, якія скажаюць сутнасць працы ўрада Ордэна пад кіраўніцтвам Вялікага магістра фра Джона Данлапа. Ён заклікаў звярнуць увагу на каштоўную дзейнасць арганізацыі падчас прыродных катастроф і канфліктаў.
У часы, калі гуманітарныя крызісы становяцца ўсё больш і больш драматычнымі, Мальтыйскі ордэн застаецца важным суб’ектам, які спалучае прамую дапамогу з актыўнай дыпламатычнай працай у інтарэсах самых бедных.