Пошук

Школа ў Бейруце, ператвораная ў прытулак для бежанцаў Школа ў Бейруце, ператвораная ў прытулак для бежанцаў 

У Ліване закрываюцца сотні школ: вайна пагражае будучыні дзяцей

Сотні ліванскіх школ спынілі заняткі. Пра тое, як вайна паўплывала на жыццё дзяцей, распавяла дырэктар Інстытута сясцёр святой Жанны Антыды Турэ ў горадзе Баабда, бліз Бейрута.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сястра Вафа Рашэд кажа, што выбухі і шум ракет сталі часткай штодзённага жыцця ліванцаў. “Гук ракетных удараў захаваўся ў нашых вушах і сэрцах. Страх і няўпэўненасць пануюць на вуліцах і ў пустых класах. Часам, каб схавацца ад выбухаў, мы кладзёмся спаць у падвале", - падзялілася яна.

Усё змянілася

Раней школа ў Баабдзе была прыгожым спакойным месцам, дзе вучылася каля 700 дзяцей – як хрысціяне, так і мусульмане. Сястра Рашэд, якая гадамі кіруе школай з адданасцю і энтузіязмам, апісвае яе як "чароўны аазіс, усеяны дрэвамі і расліннасцю, які запрашае да самааналізу і вучэння”.

Цяпер усё змянілася, класы апусцелі, заняткі спыненыя па прычыне небяспекі. Школа размешчана непадалёк ад раёнаў, якія падвяргаюцца абстрэлам. Многія сем’і былі вымушаныя пакінуць горад і пераехаць у больш бяспечную мясцовасць. Пераважная большасць вучняў і іх сем'яў, так ці інакш, закранута вайной, - адзначыла дырэктар.

Пакаленне пад пагрозай

Каталіцкая школа ў Баабдзе – не адзінкавы выпадак. Па ўсёй краіне зачынілі дзверы сотні школ – хрысціянскіх, мусульманскіх, свецкіх. Некаторыя з іх сталі часовымі прытулкамі для тысяч бежанцаў. Паводле сястры Рашэд, склалася вельмі цяжкая сітуацыя: дзеці не толькі губляюць веды, але і застаюцца без бяспечнага месца для сацыялізацыі. Яны жывуць у ізаляцыі і трывозе, а гэта шкодзіць іх псіхічнаму здароўю. Пад пагрозай апынулася цэлае пакаленне.

Надзея застаецца

Нягледзячы на цяжкасці, настаўнікі стараюцца працягваць выкладаць у Інтэрнэце, дзеці таксама імкнуцца вучыцца нават у цяжкіх умовах. Такое ж стаўленне назіраецца і ў жыхароў Бейрута: яны працягваюць працаваць, аднаўляюць разбуранае, дапамагаюць суседзям. Людзі знаходзяць надзею ў салідарнасці.

17 сакавіка 2026, 10:35