Пошук

Міністранты. Ілюстрацыйнае фота Міністранты. Ілюстрацыйнае фота  ( Deutsche Bischofskonferenz/Maximilian von Lachner )

Міністранты ўсяго свету збяруцца ў Рыме ў 2028 годзе

Наступная Міжнародная пілігрымка міністрантаў у Рым пройдзе з 31 ліпеня па 4 жніўня 2028 года, сабраўшы дзясяткі тысяч юных вернікаў з Еўропы і ўсяго свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Афіцыйная дата гэтага маштабнага форуму была абвешчана прадстаўнікамі Міжнароднага саюза міністрантаў (CIM) пасля аўдыенцыі ў Папы Льва XIV.

Гэтая сустрэча, якая праходзіць кожныя чатыры-пяць гадоў, з’яўляецца адной з самых яркіх падзей у жыцці Касцёла, асабліва для дзяцей і моладзі, якія прыслугоўваюць каля алтара. Чакаецца, што праз два гады ў Вечны горад з’едуцца шматлікія групы з розных краін, у першую чаргу еўрапейскіх.

Для юных вернікаў гэта не проста падарожжа, а магчымасць адчуць сябе часткай сусветнай супольнасці. Удзел у жыцці сваіх парафій праз міністранцкае служэнне робіць іх актыўнымі творцамі касцельнага жыцця, а сумесная малітва ў Рыме ўмацоўвае веру і спрыяе міжнароднаму знаёмству.

Апошні раз такая пілігрымка адбылася ў 2024 годзе. Тады ў ёй прынялі ўдзел каля 50 тысяч маладых людзей з 20 краін. Кульмінацыяй той сустрэчы стала вечаровае малітоўнае чуванне з Папам Францішкам на Плошчы Святога Пятра, якое пакінула глыбокі след у сэрцах удзельнікаў.

Старшыня Саюза міністрантаў (CIM), нямецкі біскуп Клаўс Крэмер, апісаў сустрэчу з Папам Львом XIV як "кранальны момант". Паводле яго слоў, Святы Айцец з вялікай увагай паставіўся да пытанняў душпастырства моладзі, падкрэсліўшы важную ролю міністрантаў у сучасным Касцёле.

"Мы адчулі, што маладыя людзі займаюць асаблівае месца ў сэрцы Папы", – адзначыў біскуп Крэмер. Гэтая сустрэча надала новы імпульс міжнароднаму супрацоўніцтву ў галіне душпастырства міністрантаў, пацвердзіўшы, што служэнне каля алтара застаецца жывым і дынамічным шляхам веры для будучых пакаленняў.
 

12 сакавіка 2026, 10:32