Нунцый у Кувейце: доўгая вайна не прынясе карысці нікому ў рэгіёне
Vatican News
Пачынаючы з суботы, 28 лютага 2026 года, у краінах Персідскага заліва загінулі пяць чалавек: адзін у Кувейце, трое ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і адзін у Бахрэйне. У панядзелак, 2 сакавіка, новыя выбухі прагрымелі ў Дубаі, Абу-Дабі, Досе і Манаме. У Кувейце над будынкам пасольства ЗША ўзняўся густы дым. Удары Ірана скалынаюць дзяржавы Аравійскага паўвострава, якія доўгі час лічыліся аазісамі бяспекі.
Апостальскі нунцый у Кувейце, Бахрэйне і Катары, арцыбіскуп Юджын Н’юджэнт ў інтэрв’ю ватыканскім СМІ падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі і заклікаў да міру.
Сітуацыя ў Кувейце пагаршаецца
Па словах дыпламата, сітуацыя ў Кувейце “драматычная і пагаршаецца з кожным днём”. “Мінулай ноччу мы амаль не спалі з-за серыі выбухаў, якія пачаліся каля другой гадзіны ночы і суправаджаліся бесперапыннымі сірэнамі”, - паведаміў ён. Раніцай стала вядома, што амерыканскае пасольства ў Кувейце было атакаванае беспілотнікам. Абышлося без ахвяр, але зафіксаваны пашкоджанні і пажар у будынку. Акрамя таго, каля авіябазы "Алі-аль-Салем", дзе нунцый рэгулярна служыць Імшу, былі збітыя два амерыканскія ваенныя самалёты. Побач з базай размешчаны італьянскі кантынгент.
У раёне нунцыятуры спакойна. Асноўнымі мэтамі з'яўляюцца ваенныя базы і аэрапорты, а таксама першы тэрмінал аэрапорта Кувейта, які ў першы ж дзень быў атакаваны дронам.
Шок у краінах, якія падтрымлівалі міжрэлігійны дыялог і мірнае суіснаванне
“Мы ўсе ў некаторай ступені шакаваныя тым, што адбываецца. Мы спадзяваліся, што распачаты дыялог і перамовы прынясуць свой плён. Мы былі па-сапраўднаму здзіўлены, калі 28 лютага пачалася вайна”, - прызнаўся дыпламат.
Арцыбіскуп Н’юджэнт падкрэсліў, што мясцовыя хрысціяне добра ўспрынялі і шырока распаўсюдзілі нядаўні заклік Папа да малітвы за мір і дыялог, таксама як і зварот Апостальскага вікарыя Паўночнай Аравіі біскупа Альда Берардзі.
Доўгая вайна не прынясе карысці нікому
Нунцый падкрэсліў, што кантакты з уладамі і дыпламатамі працягваюцца, каб заклікаць іх выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для спынення вайны. “На жаль, калі вайна пачынаецца, ніхто ніколі не ведае, калі яна скончыцца”, - заўважыў ён.
“Cітуацыя развіваецца хутка, але неабходна выпрабаваць усе магчымасці. Працяглая вайна не выгадная нікому і не прынясе карысці нікому, асабліва ў рэгіёне, які ўжо перажыў шмат канфліктаў”, - заявіў ён.
Надзея на перамовы
Арцыбіскуп Н’юджэнт адзначыў, што цяпер гучыць лязгат зброі, але трэба вяртацца да традыцыйных сродкаў дыпламатыі і перамоў. Ён выказаў надзею, што пасля заявы Дональда Трампа аб магчымых перамовах з новым рэжымам у Іране з’явіцца шанец на дыялог.
Разам з тым ён прызнаў, што сітуацыя ў Іране вельмі складаная. “Унутры краіны шмат фракцый, і цяжка зразумець геапалітычную дынаміку. Мы павінны паспрабаваць наладзіць дыялог на ўсіх узроўнях. Дыпламатыя – адзіны спосаб пакласці канец гэтай вайне”, - зазначыў нунцый.
Малітва і пост як адказ
Арцыбіскуп Н’юджэнт нагадаў прароцкія словы Францішка, сказаныя ў Бахрэйне ў 2022 годзе, пра вайну як “драматычна дзіцячы сцэнарый”. “Гэта моцныя словы, звернутыя да ўсіх. На працягу стагоддзяў чалавецтва шмат канфліктавала, але, у рэшце рэшт, трэба імкнуцца да братэрства і знайсці тое, што ў нас ёсць агульнага. Мы жывем у гэтым рэгіёне стагоддзямі. Кожная краіна павінна імкнуцца да міру і гармоніі. Мы горача молімся аб гэтым. На мінулым тыдні мы цэлебравалі Імшу ў катэдральным саборы тут, у Кувейце, з нагоды чацвёртай гадавіны вайны ва Украіне. Праз чатыры дні вайна пачалася тут”, - адзначыў іерарх.
Ён звярнуў увагу на тое, што цяпер ідзе адначасова Вялікі пост у хрысціян і Рамадан у мусульман, што стварае асаблівы момант для супольнай малітвы. “Давайце прасіць Бога падарыць нам супакой”, - запрасіў арцыбіскуп Н’юджэнт.
Падтрымка вернікаў
Нунцый штодзённа кантактуе з біскупам Альда Берардзі і з духавенствам у Кувейце, Бахрэйне і Катары, стараецца падбадзёрваць і падтрымліваць іх. Частка касцёлаў застаецца адчыненай, але некаторыя зачыненыя, таму праводзяцца прыватныя Імшы.
У нунцыятуры ў Кувейце Імша праходзіць кожную раніцу, а ўвечары вернікі моляцца Ружанец за мір. Дзейнічаюць таксама і малітоўныя групы ў WhatsApp. “Я заклікаю ўсіх захоўваць спакой і маліцца Найсвяцейшай Панне Марыі аб дары, у якім мы ўсе маем патрэбу”, - сказаў арцыбіскуп Н’юджэнт.
Мясцовыя вернікі ўскладаюць асаблівую надзею на Маці Божую Аравійскую. Па словах нунцыя, мусульмане таксама з глыбокай пашанай ставяцца да Марыі, якая некалькі разоў згадваецца ў Каране. “У гэты драматычны момант мы горача молімся да Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы міру. Праз Яе заступніцтва перад Сынам вайна скончыцца”, - падсумаваў арцыбіскуп Н’юджэнт.