Кроў на руках: кардынал патрабуе пакаяння ад вытворцаў зброі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Даменіка Баталья апублікаваў на сайце дыяцэзіі эмацыянальны “Ліст да гандляроў смерцю”, які стаў рэакцыяй на новую спіраль сусветнага гвалту.
Іерарх адмовіўся ад дыпламатыі, каб загаварыць мовай болю. Паводле яго слоў, гэты тэкст напісаны не чарнілам, а крывёй ахвяр, пакуль вытворцы зброі канвертуюць чалавечыя раны ў фінансавыя прыбыткі.
Звяртаючыся непасрэдна да пастаўшчыкоў зброі, кардынал параўнаў іх дзейнасць з антыподам Эўхарыстыі. Калі хлеб збліжае людзей, то зброя пустошыць дамы і пахне толькі халоднымі фінансавымі справаздачамі. Арцыбіскуп задае правакацыйнае пытанне: як можна спаць, ведаючы, што за кожным подпісам у кантракце стаіць разбураная школа ці знішчаны шпіталь? Для Бога гэта не “рынак”, а самы цяжкі грэх.
Пастыр, які падпісаўся як “ксёндз Міма”, падкрэсліў, што Хрыстус сёння зноў укрыжаваны ў целах, якія выкідвае мора, і ў вачах дзяцей, што пазналі жах. Ён заклікаў гандляроў стаць людзьмі, а не проста менеджарамі ці стратэгамі.
У фінале свайго звароту кардынал Баталья літаральна моліць спыніць гандаль кроўю. Ён просіць вярнуць маці іх дзяцей, а зямлі – яе мары. "Мір вас асудзіць. Але, калі захочаце, мір можа вас яшчэ выратаваць", - напісаў іерарх, падкрэсліваючы, што час для вяртання да чалавечнасці яшчэ ёсць, але ён няўмольна знікае.