“Рэквіем” Моцарта ў Папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ “Рэквіем” Моцарта ў Папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ 

У Рыме прагучаў “Рэквіем” Моцарта ў выкананні польскіх музыкантаў

Музыканты Варшаўскай камернай оперы пад кіраўніцтвам дырыжора Адама Банашака выканалі ў Рыме “Рэквіем” Моцарта, вярнуўшы ўласцівыя яму натуральнасць і прастату. Музычны твор разважае пра таямніцу смерці і нагадвае пра крохкасць чалавечага жыцця.

Vatican News

Вялікі пост запрашае нас задумацца над крохкасцю нашага існавання. Гэтую тэму асабліва выразна перадае “Рэквіем” Вольфганга Амадэя Моцарта, які 12 сакавіка 2026 года прагучаў у Папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ ў выкананні хора і аркестра Варшаўскай камернай оперы.

"Рэквіем" у выкананні хора і аркестра Варшаўскай камернай оперы
"Рэквіем" у выкананні хора і аркестра Варшаўскай камернай оперы

На думку эксперта Марка дзі Батыста, польскія музыканты пад кіраўніцтвам дырыжора Адама Банашака прадставілі сваё чытанне “Рэквіема”, скіраванае на раскрыццё яго галоўнай сутнасці. Выкарыстанне інструментаў эпохі Моцарта дапамагло нагадаць, што “Рэквіем” – гэта перш за ўсё разважанне пра таямніцу жыцця, смерці і надзеі. Гэтая інтэрпрэтацыя вызваліла твор ад шматлікіх напластаванняў і “манументалізацыі”, характэрных для ранейшых выкананняў. Музыка Моцарта зноў загучала з уласцівай ёй натуральнасцю і прастатой – менавіта ў гэтым і раскрываецца геній кампазітара. “Рэквіем”, пазбаўлены празмернай рыторыкі, паўстаў не як далёкі і халодны манумент, а як музычны твор, блізкі і зразумелы кожнаму ў штодзённым жыцці.

Канцэрт у Папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ
Канцэрт у Папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ

Гукі шедэўра нагадалі слухачам пра шматлікія легенды, кнігі і фільмы, якія стагоддзямі суправаджалі гісторыю яго стварэння. Паводле найбольш аўтарытэтных гістарычных крыніц, праца над “Рэквіемам” пачалася летам 1791 года, калі Моцарт атрымаў замову ад графа Франца фон Вальзега, які жадаў ушанаваць памяць сваёй памерлай жонкі. Нягледзячы на стомленасць ад працы над операмі “Чароўная флейта” і “Міласэрнасць Ціта”, кампазітар з вялікім запалам узяўся за новы твор, аднак 5 снежня 1791 года раптоўна памёр ва ўзросце 35 гадоў, пакінуўшы твор незавершаным. Каб выканаць кантракт, яго жонка Канстанца даручыла завяршыць партытуру вучням мужа. Найбольшую ролю ў гэтым адыграў Франц Ксавер Зюсмайр, які на падставе чарнавікоў і заўваг вялікага кампазітара давёў кампазіцыю да канца.

Пасол Польшчы пры Святым Пасадзе Адам Квяткоўскі
Пасол Польшчы пры Святым Пасадзе Адам Квяткоўскі

Духоўны запавет Моцарта прагучаў у выкананні польскіх салістаў у суправаджэнні хора і аркестра. Вакальныя партыі выканалі: сапрана Аляксандра Ольчык, меца-сапрана Ёана Матулевіч, тэнар Адрыян Дамарэцкі і бас Артур Янда.

Канцэрт адбыўся пры падтрымцы Пасольства Польшчы пры Святым Пасадзе, Мазавецкага рэгіёна і Варшаўскай камернай оперы. Ён быў арганізаваны ў супрацоўніцтве з кардыналам Раландасам Макрыцкасам, архіпрэсбітэрам Папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ.

Удзельнікі канцэрта
Удзельнікі канцэрта
14 сакавіка 2026, 11:19