Вайна, прапаганда і Касцёл: Размова з генвікарыем з Масквы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прайшло ўжо чатыры гады з таго часу, як у лютым 2022 года пачалося поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну. З гэтай нагоды Жан-Шарль Пуцалу з французскай рэдакцыі "Vatican News" пагутарыў з ксяндзом Кірылам Гарбуновым, Генеральным вікарыем архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, каб даведацца пра настроі мясцовых католікаў у гэты складаны час.
Святар адразу падкрэсліў, што гаварыць ад імя невялікай каталіцкай супольнасці ў Расіі для яго – вялікі гонар. Паводле яго слоў, католікі складаюць менш за 1 працэнт ад агульнай колькасці насельніцтва, а тых, хто рэгулярна практыкуе веру, яшчэ менш. У выніку гістарычных прычын да Каталіцкага Касцёла часта ставяцца з падазрэннем, лічачы яго "Касцёлам замежнікаў" і нечым чужым для рускай культуры.
Гаворачы пра стаўленне вернікаў да вайны, святар адзначыў: "Людзі ў Расіі, у тым ліку католікі, маюць такое ж стаўленне да канфлікту, як і мы ўсе – ён павінен скончыцца". Ён дадаў, што незлічоныя страчаныя жыцці і гвалт гавораць самі за сябе, таму чаканне расійскіх католікаў зводзіцца да ўсталявання справядлівага і трывалага міру.
Адказваючы на пытанне аб рэакцыі людзей на рост колькасці загінулых, Гарбуноў падзяліўся сваімі асабістымі назіраннямі як святар. Паводле яго слоў, многія выбіраюць стратэгію адмаўлення, імкнучыся выцесніць гэтую рэальнасць з думкамі: "Мы нічога не можам з гэтым зрабіць. Давайце проста зробім выгляд, што нічога не адбываецца, і пачакаем, пакуль усё нармалізуецца". Але ён падкрэсліў, што такое стаўленне немагчымае.
Генеральны вікарый узгадаў прарочыя словы Папы Францішка, які яшчэ ў 2014 годзе папярэджваў пра Трэцюю сусветную фрагментарную вайну. "Як святар, я павінен казаць людзям: вы не можаце проста рабіць выгляд, што нічога не адбываецца", - рэзюмаваў ён. Іншыя ж, наадварот, цалкам паглынаюцца канфліктам. Яны губляюць надзею, пачынаюць сумнявацца ў дабрыні і літасцівасці Бога, калі Ён дапускае такія рэчы.
Сітуацыя таксама ўскладняецца тым, што многія сем'і, асабліва сярод католікаў, з'яўляюцца змяшанымі руска-ўкраінскімі. Цяпер яны часта падзеленыя або нават разбураныя, што прыносіць шмат болю.
Што тычыцца прапаганды і інфармацыйнага поля, святар зазначыў, што наратыў у Расіі вельмі падобны да іншых краін: "Мы маем рацыю, а іншыя – не". Вораг прадстаўляецца не проста як нехта, хто робіць памылкі, а як чалавек з сапсаванай прыродай, з якім немагчыма жыць у міры. Ксёндз Гарбуноў падкрэсліў, што Касцёл вучыць пераадольваць такое стаўленне і шукаць шляхі да разумення іншага боку.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, рэлігійнае жыццё невялікай каталіцкай супольнасці працягваецца. Аднак святар заўважыў, што на фоне канфліктаў узрасла важнасць адзінства. Часам нават невялікія парафіі сутыкаюцца з падзеламі, якія могуць быць катастрафічнымі. Але, як зазначыў ксёндз Кірыл, важна памятаць, што Божая любоў і Яго план збаўлення большыя за ўсё, што нас раздзяляе, і Ён глядзіць на ўсіх людзей з аднолькавай любоўю.