Пошук

2021.12.28 Pace, colomba, ramo di ulivo

“Iustitia et Pax”: заклік да маральнай адказнасці за мір

Камісія "Iustitia et Pax Europa" заклікала міжнародную супольнасць адмовіцца ад ваеннай логікі на Блізкім Усходзе і вярнуцца да прынцыпаў міжнароднага права і шчырага дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустаршыні Канферэнцыі еўрапейскіх касцельных камісій "Справядлівасць і мір" – арцыбіскуп Дыжона Антуан Эруар і Марыя Хамершой – 1 сакавіка 2026 года выступілі з сумеснай заявай. На фоне вострага крызісу на Блізкім Усходзе яны падкрэслілі, што ніводная дзяржава, якой бы магутнай яна ні была, не мае права ставіць сябе вышэй за Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Крытыка мілітарызму як тупіковага шляху

У дакуменце, падпісаным у Дыжоне і Капенгагене, гучыць рэзкая крытыка сучаснай сусветнай палітыкі, дзе пагрозы і зброя ўсё часцей успрымаюцца як легітымныя інструменты. Паводле аўтараў звароту, такія метады не вырашаюць праблем, а толькі паглыбляюць нянавісць і дэстабілізуюць цэлыя рэгіёны, падрываючы асновы глабальнай бяспекі.

Цяперашняя эскалацыя, як адзначае "Iustitia et Pax Europa", ігнаруе прынцыпы прапарцыянальнасці і сапраўднай самаабароны. Апошняя, згодна з хрысціянскай этыкай, патрабуе вычарпання ўсіх мірных сродкаў, перш чым насілле будзе прызнана крайняй мерай.

Камісія цалкам падтрымлівае мірную ініцыятыву Папы Льва XIV. Святы Айцец заклікаў бакі канфлікту ўзяць на сябе маральную адказнасць і вярнуцца да разумнага, шчырага і адказнага дыялогу. Толькі дыпламатыя, скіраваная на дабрабыт народаў, здольная даць надзею на будучыню, заснаваную на ўзаемнай павазе.

Чалавечая годнасць вышэй за стратэгічныя інтарэсы

Асаблівую ўвагу аўтары звароту надаюць ролі Еўрасаюза. Яны заклікаюць міжнародную супольнасць да адзіных намаганняў па дээскалацыі, дзе цэнтральным прыярытэтам павінна стаць абарона чалавечай годнасці, асабліва самых бедных і безабаронных. Палітычныя ці эканамічныя стратэгіі не могуць быць важнейшымі за лёс людзей, якія жывуць у эпіцэнтры канфлікту.

У гэты перыяд Вялікага посту еўрапейская "Iustitia et Pax" заахвочвае вернікаў да малітвы за мір. Канчатковай мэтай бачыцца шлях, які прывядзе Блізкі Усход і ўвесь свет да справядлівасці і трывалага прымірэння.
 

05 сакавіка 2026, 09:41