Мексіканскія католікі. Ілюстрацыйнае фота Мексіканскія католікі. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Мексіканскія вернікі абараняюць касцёлы ад вандалізму

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Мексікі выказала глыбокую заклапочанасць хваляй вандалізму ў дачыненні да святынь падчас маршаў да Міжнароднага жаночага дня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мексіканскія іерархі выступілі з афіцыйнай заявай пасля шэрагу нападаў на касцёлы, сярод якіх пацярпела і ўнікальная парафіяльная святыня XVII стагоддзя "Sagrario Metropolitano" ў горадзе Сан-Луіс-Патосі.

Падчас пратэстаў 8 сакавіка 2026 года дзверы гістарычнага будынка былі падпалены, а сцены пакрыты графіці. Біскупы падкрэслілі, што Мексіка востра мае патрэбу ў справядлівасці і міры, а не ў памнажэнні гвалту, які ніколі не вядзе да станоўчых змен.

"Касцёлы – гэта месцы малітвы, сустрэчы і суцяшэння для тысяч людзей, асабліва для тых, хто шукае духоўнай падтрымкі пасля зведанай несправядлівасці", - гаворыцца ў дакуменце, падпісаным старшынёй епіскапату біскупам Рамонам Кастра Кастра.

Пры гэтым іерархі салідарызаваліся з жанчынамі, якія церпяць ад дыскрымінацыі і гвалту, заклікаючы ўлады да больш эфектыўнага разгляду іх законных патрабаванняў.

На фоне беспарадкаў вернікі ў многіх гарадах краіны, у прыватнасці ў Гвадалахары, сталі жывым ланцугом вакол касцёлаў, каб абараніць іх ад апаганьвання. Гэтыя стыхійныя групы самаабароны складаліся пераважна з моладзі і жанчын.

Ужо 9 сакавіка 2026 года ксёндз Хорхэ Аўрэліа Рамірэс Торэс адправіў святую Імшу перад уваходам у пашкоджаную святыню ў Сан-Луіс-Патосі, а 11 сакавіка прайшло ўрачыстае перапрашальнае набажэнства.

Агульны стан бяспекі ў краіне застаецца крытычным. Паралельна з паведамленнямі аб вандалізме стала вядома пра трагічную смерць святара Хуана Мануэля Завалы Мадрыгаля ў штаце Ч'япас. Яго цела са слядамі насілля было знойдзена 9 сакавіка 2026 года пасля таго, як напярэдадні ён знік пасля адпраўлення святой Імшы.

Гэта ўсё падкрэслівае маштаб выклікаў, з якімі сутыкаецца Касцёл у Мексіцы ў часы грамадскай нестабільнасці.
 

12 сакавіка 2026, 10:56