Пошук

Кардынал П’ербатыста Піцабала Кардынал П’ербатыста Піцабала  (AFP or licensors)

Без працэсій, але з малітвай: рашэнне Патрыярха Іерусаліма

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма абвясціў аб адмене традыцыйных урачыстасцей Вялікага тыдня з прычыны вайны, заклікаўшы вернікаў да супольнай малітвы на ружанцы за мір у рэгіёне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёлетні шлях да ўваскрасення Хрыстовага для хрысціян Святой Зямлі азмрочаны суровай рэчаіснасцю ваенных дзеянняў. Кардынал П’ербатыста Піцабала ў сваім адмысловым звароце да вернікаў са смуткам канстатаваў, што немагчымасць правесці традыцыйныя набажэнствы ў месцах Мукі Збаўцы стала яшчэ адной балючай ранай, нанесенай канфліктам.

Паводле іерарха, абмежаванні і нявызначанасць сітуацыі вымушаюць Касцёл пераглядзець фармат галоўных хрысціянскіх свят.

Самай значнай стала адмена традыцыйнай працэсіі ў Пальмовую нядзелю, якая звычайна накіроўваецца з Аліўнай гары ў Іерусалім. Замест яе адбудзецца малітва за Горад у пакуль нявызначаным месцы. Як паведаміў Патрыярх, Імша Хрызма таксама адкладзена на нявызначаны тэрмін, пакуль абстаноўка не дазволіць правесці яе бяспечна, што ўжо атрымала афіцыйнае адабрэнне ад Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

Нягледзячы на складанасці, касцёлы дыяцэзіі застаюцца адкрытымі. Кардынал Піцабала заклікаў пробашчаў і святароў рабіць усё магчымае, каб спрыяць удзелу вернікаў у пасхальных набажэнствах у той форме, якую дазваляе бяспека. Ён падкрэсліў, што нават калі супольнасць не можа сабрацца так, як хацелася б, нельга адмаўляцца ад малітвы.

У якасці адмысловага жэсту еднасці Патрыярх прапанаваў вернікам далучыцца да агульнай малітвы ў суботу, 28 сакавіка 2026 года.

У гэты дзень хрысціянам прапануецца памаліцца на ружанцы аб дары міру і згоды, асабліва за тых, хто пакутуе ад вайны. Спецыяльна для гэтага быў падрыхтаваны малітоўны фармуляр, складзены айцом Франчэска Патонам.

Завяршаючы свой зварот, іерарх нагадаў, што пустая труна Хрыста з’яўляецца сімвалам перамогі жыцця над нянавісцю. Ён выказаў упэўненасць у тым, што ніякая цемра, нават цемра вайны, не можа мець апошняга слова, а надзея павінна падтрымліваць крокі кожнага верніка ў гэтыя выпрабавальныя часы.
 

23 сакавіка 2026, 10:06