Базіліка Гробу Пана ў Іерусаліме Базіліка Гробу Пана ў Іерусаліме  (@Sr. Amata J. Nowaszewska CSFN)

Іерусалім: іерархам забаранілі ўвайсці ў Базіліку Гробу Пана

Ізраільская паліцыя не дазволіла кардыналу П’ербатысту Піцабалу, Лацінскаму Патрыярху Іерусаліма, і кустоду Святой Зямлі, айцу Франчэска Эльпу, увайсці ў Базіліку Гробу Пана, дзе яны павінны былі цэлебраваць літургію Пальмовай нядзелі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У супольнай заяве Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма і Кустодыі Святой Зямлі забарона была названа “яўна неабгрунтаванай і непрапарцыйнай мерай”. “Гэта паспешлівае і ў корані памылковае рашэнне, заснаванае на неправамерных меркаваннях, уяўляе сабой сур’ёзнае парушэнне асноватворных прынцыпаў разумнасці, свабоды веравызнання і status quo”, - гаворыцца ў паведамленні.

Кардынала Піцабалу і айца Эльпу спынілі па дарозе, калі яны накіроўваліся ў прыватным парадку, без якой-кольвечы працэсіі ці цырымоніі, а потым прымусілі вярнуцца назад. Адзначаецца, што ўпершыню за шмат стагоддзяў кіраўнікам мясцовага Касцёла было забаронена цэлебраваць святую Імшу ў Базіліцы Гробу Пана ў Пальмовую нядзелю.

“Гэты інцыдэнт стварае сур’ёзны прэцэдэнт і ігнаруе пачуцці мільярдаў людзей ва ўсім свеце, якія на працягу гэтага тыдня скіроўваюць позірк да Іерусаліма, - гаворыцца ў заяве.

У паведамленні таксама адзначаецца, што на працягу ўсяго гэтага часу кіраўнікі Касцёлаў заўсёды прытрымліваліся патрабаванняў уладаў і абмежаванняў, уведзеных у сувязі з ваенным канфліктам, і дзейнічалі з поўнай адказнасцю: публічныя сходы былі адменены, удзел у іх забаронены, былі прыняты меры па трансляцыі ўрачыстасцей для сотняў мільёнаў вернікаў ва ўсім свеце, якія ў гэтыя велікодныя дні скіроўваюць позірк на Іерусалім і Базіліку Гробу Пана.

“Лацінскі патрыярхат Іерусаліма і Кустодыя Святой Зямлі выказваюць глыбокі жаль хрысціянскім вернікам у Святой Зямлі і ва ўсім свеце ў сувязі з тым, што такім чынам стала немагчымай малітва ў адзін з самых святых дзён хрысціянскага календара, - гаворыцца ў заяве.
 

29 сакавіка 2026, 18:04