Пошук

Базіліка Гробу Пана Базіліка Гробу Пана  (AFP or licensors)

Касцёл у сховішчы: будні іерусалімскіх католікаў падчас вайны

У Іерусаліме, дзе вуліцы Старога горада апусцелі, а Базіліка Гробу Пана застаецца закрытай, рэлігійнае жыццё перамясцілася ў бомбасховішчы і сутарэнні, стаўшы сімвалам трываласці веры сярод вайны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рытм жыцця ў Святым Горадзе сёння дыктуюць не званы храмаў, а сірэны паветранай трывогі. Згодна з рашэннем ізраільскіх улад, касцёлы зачынены дзеля бяспекі, таму літургія і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праходзяць у падземных памяшканнях.

Як паведамляе Ірэнэ Фунгі ў матэрыяле для “Avvenire”, у іўрытамоўнай каталіцкай супольнасці душпастырства не спынілася, а толькі змяніла лакацыю, перамясціўшыся ў сутарэнні.

Брат Франчэска Раваёлі, італьянскі францішканін, які застаўся ў Ізраілі з прычыны вайны, распавядае, што суполка святых Сімяона і Ганны цяпер збіраецца ў супрацьракетным сховішчы, якое ў мірны час служыць пральняй. Менавіта тут, сярод пральных машын, вернікі абсталявалі месца для малітвы.

Для тых, хто баіцца пакідаць дамы, пробашч ксёндз Бенедэта Дзі Бітонта арганізоўвае вечаровыя сустрэчы праз “Zoom”, дзе людзі дзеляцца перажытым за дзень і разам моляцца Камплету.

Суполка ў Іерусаліме налічвае каля ста чалавек – гэта ізраільцяне, якія прынялі хрост, а таксама мігранты з Расіі і Украіны. Вайна не падзяліла гэтых людзей: у сутарэннях Іерусаліма рускія і ўкраінцы моляцца адзін за аднаго і за сваіх дзяцей, прызваных у войска. Асаблівая ўвага надаецца хворым і пажылым вернікам, якім цяжка кожны раз бегчы ў сховішча падчас абстрэлаў.

Малітва іўрытамоўных католікаў не абмяжоўваецца выключна ўласнай бяспекай. У іх інтэнцыях – мір ва ўсім рэгіёне і лёс жыхароў Сектара Газа. Адзін з хрысціян з Газы, які патрабаваў працяглага лячэння, знайшоў прытулак менавіта ў гэтай суполцы.

Як зазначае брат Раваёлі, у штодзённых просьбах да Бога пераважае адна думка: каб на зямлі, змучанай несправядлівасцю, Бог змог пасеяць зерне дабра.
 

09 сакавіка 2026, 11:51