Японскі кардынал пра культурную ізаляцыю рэлігіі ў Японіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сучасная Японія сутыкаецца са своеасаблівай з’явай, якую арцыбіскуп Токіо і старшыня “Caritas Internationalis” кардынал Тарчызіа Ісаа Кікучы называе “ветлівым пераследам”.
Гаворка ідзе не пра фізічныя рэпрэсіі, а пра тонкі культурны ціск, які дэ-факта абмяжоўвае свабоду веравызнання, выцясняючы рэлігійныя перакананні на далёкую перыферыю грамадскага жыцця.
У інтэрв’ю парталу “Crux Now” іерарх адзначыў, што карані праблемы сягаюць у спецыфіку японскай манеры інтэрпрэтацыі Канстытуцыі. Пасляваенны Асноўны закон краіны гарантуе аддзяленне рэлігіі ад дзяржавы, што стала рэакцыяй на мілітарысцкі дзяржаўны шынтаізм.
Аднак сёння гэты прынцып усё часцей трактуецца экстрэмальна – як патрабаванне поўнай адсутнасці рэлігійных суб’ектаў у грамадскай дыскусіі.
Японская культура высока цэніць канфармізм і грамадскую зладжанасць. Калі каталіцкая супольнасць пачынае адкрыта выступаць па такіх вострых пытаннях, як ліквідацыя ядзернай зброі, правы мігрантаў ці абарона чалавечай годнасці, гэта часта выклікае раздражненне.
Касцёл папракаюць у тым, што ён “умешваецца ў палітыку”, парушаючы традыцыйную гармонію. Па словах кардынала Кікучы, рэлігія ў Японіі застаецца грамадска прымальнай толькі да таго часу, пакуль яна не выходзіць за сцены храмаў.
Дадатковым выклікам з’яўляецца глыбокая секулярызацыя. Нядзеля ў краіне не лічыцца днём адпачынку: навучальныя ўстановы і прадпрыемствы часта прызначаюць на гэты час мерапрыемствы, што стварае практычныя цяжкасці для вернікаў.
Каталіцкая меншасць аказваецца ў сітуацыі, дзе яе маральны аўтарытэт ігнаруецца, а рэлігійныя практыкі ўспрымаюцца выключна як частка культурнай традыцыі, пазбаўленая глыбокага сэнсу.
Нягледзячы на цяжкасці, іерарх бачыць вялікі патэнцыял у маладым, шматкультурным пакаленні японскіх католікаў. Ён перакананы, што мясцовы Касцёл можа стаць важным мостам паміж Азіяй і астатнім светам.
Пры гэтым кардынал Кікучы настойвае на захаванні выразнай каталіцкай ідэнтычнасці ў гуманітарнай дзейнасці “Caritas”, падкрэсліваючы, што дапамога бліжняму павінна заўсёды грунтавацца на хрысціянскім разуменні святасці жыцця, нават калі грамадства аддае перавагу таму, каб голас веры заставаўся маўклівым.