Пошук

Арцыбіскуп Эман Марцін Арцыбіскуп Эман Марцін 

Быць як святы Патрык: заклік Прымаса Ірландыі да адвагі

Прымас Ірландыі заклікаў вернікаў стаць актыўнымі сведкамі Евангелля, беручы прыклад з адвагі святога Патрыка перад абліччам сучасных глабальных канфліктаў і няпэўнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Армы Эман Марцін у сваім звароце з нагоды ўрачыстасці святога Патрыка звярнуў увагу на актуальнасць постаці нябеснага заступніка краіны для сучаснага чалавека. Іерарх падкрэсліў, што сённяшні свет, ахоплены трывогай і шматлікімі войнамі, як ніколі патрабуе людзей, здольных несці мір, веру і любоў.

Нагадваючы жыццяпіс святога, арцыбіскуп Марцін адзначыў, што будучы асветнік Ірландыі патрапіў на востраў у якасці нявольніка яшчэ падлеткам. Хоць ён паходзіў з хрысціянскай сям’і, яго асабістая вера абудзілася толькі ў самоце і выпрабаваннях. Менавіта там ён адчуў блізкасць Бога, што пазней стала падмуркам яго місіянерскай дзейнасці. Пасля ўцёкаў дадому Патрык адгукнуўся на заклік у сне і вярнуўся ў Ірландыю ўжо як біскуп, каб хрысціць тысячы людзей.

Для святога Патрыка хрост не быў фармальнасцю, а пачаткам жывых адносін з Створцам. Прымас Ірландыі заўважыў, што сучасная моладзь таксама знаходзіцца ў пошуку сэнсу і надзеі сярод глабальнай нестабільнасці. У гэтым кантэксце іерарх перасцярог католікаў ад закрытасці ў так званым "кокане" веры. Ён заклікаў маліцца праз заступніцтва святога за ўсіх тых, хто пакутуе ад гвалту, і прасіць мужнасці для тых, хто працуе дзеля спынення канфліктаў.

На заканчэнне Прымас пажадаў, каб ласка святога Патрыка суправаджала не толькі ірландскія сем’і, але і ўсіх сяброў гэтай краіны ва ўсім свеце, дапамагаючы ім заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню ў любыя часы.
 

17 сакавіка 2026, 12:14