Пошук

Габелен з партрэтам Клеменса Аўгуста фон Галена падчас беатыфікацыйнай Імшы Габелен з партрэтам Клеменса Аўгуста фон Галена падчас беатыфікацыйнай Імшы  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Леў Мюнстэра: 80 гадоў памяці кардынала фон Галена

У 80-ю гадавіну смерці бласлаўлёнага Клеменса Аўгуста фон Галена Касцёл узгадвае яго непахісную барацьбу супраць нацысцкага рэжыму і адважную абарону чалавечай годнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гісторыя захавала вобраз біскупа Мюнстэра сярод руін катэдры ў 1943 годзе. Чалавек, якога "New York Times" назвала "самым упартым праціўнікам нацызму", стаў голасам сумлення Германіі. Менавіта ён з амбона выкрываў праграму "T4" па знішчэнні людзей з інваліднасцю, заявіўшы, што не жадае мець нічога агульнага з тымі, хто топча чалавечую годнасць.

Як адзначае даследчыца Стэфанія Фаласка, ліставанне фон Галена з Піем XII пацвярджае поўную падтрымку Папам яго дзейнасці. Біскуп не баяўся пагроз Гітлера, які абяцаў расправіцца з ім "да апошняй капейкі", помсцячы за кожнае слова праўды.

Мужнасць "Льва Мюнстэра" не абмяжоўвалася крытыкай нацыстаў. Пасля вайны ён гэтак жа рашуча патрабаваў ад саюзных войск паважаць правы цывільнага насельніцтва. Іерарх катэгарычна не прымаў тэзіс аб "калектыўнай віне" нямецкага народа, называючы жорсткія дэпартацыі праявай таго ж эгаістычнага нацыяналізму, з якім ён змагаўся раней.

Прызначэнне фон Галена кардыналам на Божае Нараджэнне 1945 года стала сімвалам "іншай Германіі". Пій XII праз гэты жэст публічна прызнаў яго заслугі ў абароне праўды.

У сваім апошнім казанні кардынал папярэдзіў свет: калі паміж народамі не будзе паважацца права, мір ніколі не настане. Гэты запавет застаецца актуальным і сёння.
 

23 сакавіка 2026, 10:57