FRANCE-RELIGION-ASSUMPTION

20 тысяч дарослых французаў прымуць хрост – абсалютны рэкорд

Французскія дыяцэзіі фіксуюць беспрэцэдэнтны прыток катэхуменаў: сёлета ў Велікодную ноч хрост прымуць больш за 20 тысяч дарослых і падлеткаў, што стане абсалютным рэкордам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пачатку Вялікага посту ў Францыі распачаўся заключны этап падрыхтоўкі тых, хто свядома абраў шлях каталіцкай веры. Статыстыка, якая паступае з розных рэгіёнаў краіны, сведчыць пра сапраўдны духоўны прарыў: прагназуецца, што колькасць ахрышчаных перасягне сімвалічную адзнаку ў 20 тысяч чалавек. Для параўнання, яшчэ ў 2015 годзе колькасць катэхуменаў не дасягала і 4 тысяч.

Рост колькасці ахвотных прыняць хрост назіраецца практычна ва ўсіх рэгіёнах Францыі, дасягаючы ў некаторых дыяцэзіях 55 працэнтаў.

Як паведамляе выданне “Famille Chrétienne”, асабліва ўражваюць лічбы ў буйных цэнтрах. У Парыжы рыхтуюцца да хросту 788 чалавек, у Версалі – больш за 800, у Ліёне – 710. Самыя высокія тэмпы росту зафіксаваны ў Арлеане, дзе колькасць катэхуменаў павялічылася на 55 працэнтаў, і ў Рэне – на 32 працэнта. Нават у невялікіх дыяцэзіях, такіх як Клермон-Феран, рост складае каля 30 працэнтаў. Гэта сведчыць аб тым, што цікавасць да хрысціянства не проста мода, а агульнанацыянальная тэндэнцыя.

Пастыр дыяцэзіі Пантуаз біскуп Бенуа Бертран у інтэрв’ю выданню “Paris Notre-Dame” падкрэсліў, што калі гэтая з’ява захаваецца, то праз пяць гадоў яна прывядзе да поўнай трансфармацыі каталіцкіх супольнасцей.

Паводле яго слоў, катэхуменат, які раней лічыўся другараднай парафіяльнай справай, цяпер становіцца цэнтрам душпастырскага жыцця. “Гэта яны будуць нас евангелізаваць”, - адзначае іерарх, звяртаючы ўвагу на свежасць веры новых католікаў.

“Маладыя канвертыты спалучаюць вернасць каталіцкай дактрыне з любоўю да традыцыйнай літургіі.”

Досвед паказвае, што сучасныя французскія неафіты – гэта ў асноўным маладыя людзі, якія шукаюць духоўнай апоры. Яны вызначаюцца асаблівай павагай да літургіі і цвёрдай прававернасцю ў пытаннях веравучэння. Пры гэтым яны здольныя гаварыць аб Евангеллі на сучаснай мове, што робіць іх эфектыўнымі сведкамі веры ў моцна секулярызаваным грамадстве.
 

02 сакавіка 2026, 11:10