Пошук

Удзельнікі VI Асамблеі Касцельнай канферэнцыі Амазоніі ў Багаце Удзельнікі VI Асамблеі Касцельнай канферэнцыі Амазоніі ў Багаце 

Амазонскае аблічча Касцёла: вынікі форуму ў Багаце

Удзельнікі VI Асамблеі Касцельнай канферэнцыі Амазоніі ў Багаце абвясцілі курс на стварэнне Касцёла з уласным абліччам – сінадальнага, прароцкага і экалагічнага.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Місія каталіцкай супольнасці ў тропіках павінна выйсці за межы простай геаграфічнай прысутнасці. У заключным пасланні VI Асамблеі Касцельнай канферэнцыі Амазоніі (CEAMA), якая завяршылася 21 сакавіка 2026 года ў сталіцы Калумбіі, дэлегаты падкрэслілі неабходнасць фарміравання Касцёла з "амазонскім абліччам". Такая ідэнтычнасць прадугледжвае глыбокую сувязь з мясцовымі народамі і адказнасць за супольны дом.

Касцёл павінен быць самарытанскім у служэнні і экалагічным у сваім клопаце

Натхненнем для ўдзельнікаў сталі словы, якія скіраваў да іх Папа Леў XIV. Пантыфік заклікаў душпастыраў і вернікаў умацоўваць ідэнтычнасць вучняў-місіянераў і працягваць працу сейбітаў на ніве, якая была шчодра аплоднена сведчаннем і самаахвярнасцю шматлікіх папярэднікаў. Гэтыя ахвяры сталі коранем "гіганцкага дрэва", што расце сёння ў рэгіёне.

Дзейнасць CEAMA накіравана на падтрымку мясцовых супольнасцей праз чатыры “душпастырскія гарызонты”: абвяшчэнне Евангелля праз прызму мясцовай культуры, развіццё сінадальнасці, жыццё паводле прынцыпаў інтэгральнай экалогіі і ўмацаванне еднасці.

Новыя гарызонты душпастырства акрэсліваюць шлях да сапраўднага навяртання і адказнасці за планету

Новым старшынёй арганізацыі на перыяд з 2026 па 2030 год быў абраны бразільскі кардынал Леанарда Ульрых Штайнер, які змяніў на гэтай пасадзе перуанскага кардынала Педра Барэта. Намеснікам абраны ксёндз Хесус Уаман Канісілья. Гэтыя кадравыя змены адбываюцца на фоне маштабнай рэфлексіі, распачатай яшчэ пасля Сінода Біскупаў па Амазоніі 2019 года.

Гісторыя евангелізацыі рэгіёна налічвае 500 гадоў, аднак менавіта апошняе дзесяцігоддзе стала часам асаблівай увагі да Амазоніі. Стварэнне Панамазонскай касцельнай сеткі ў 2015 годзе і выданне Папам Францішкам апостальскай адгартацыі "Querida Amazonia" заклалі падмурак для пошуку новых шляхоў місіі.
 

24 сакавіка 2026, 09:12