Касцёл з сонечнымі панэлямі — Берлін-Нойкёльн Касцёл з сонечнымі панэлямі — Берлін-Нойкёльн 

Экалагічны рахунак сумлення: велікапосная ініцыятыва католікаў

Сусветны рух католікаў у падтрымку навакольнага асяроддзя “Laudato Si'” прадставіў велікапосную праграму, якая спалучае духоўнае навяртанне з канкрэтнай дапамогай тым, хто пакутуе ад энергетычнай беднасці.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Ініцыятыва пад назвай "Не адварочвай позірк, адкрый сэрца" заклікае вернікаў пераасэнсаваць сваё стаўленне да стварэння праз прызму міласэрнасці. У аснове праекта ляжыць экалагічны рахунак сумлення, які грунтуецца на сацыяльным вучэнні Касцёла, у прыватнасці на энцыкліцы "Dilexit Nos" і адгартацыі "Dilexi te”.

Як паведамляе арганізацыя, духоўным штуршком для акцыі сталі словы Папы Льва XIV. Падчас канферэнцыі "Raising Hope for Climate Justice" у Кастэль-Гандольфа 1 кастрычніка 2025 года Пантыфік падкрэсліў, што "толькі праз вяртанне да сэрца можа адбыцца сапраўднае экалагічнае навяртанне". Гэтая думка ператварае экалогію з тэхнічнай праблемы ў пытанне духоўнай глыбіні і чалавечай салідарнасці.

Цэнтральным элементам ініцыятывы стала практычнае вымярэнне – барацьба з энергетычнай беднасцю, калі сям’я ў выніку нізкіх даходаў не можа дазволіць сабе належным чынам ацяпляць дом або плаціць за электрычнасць, што вымушае людзей выбіраць паміж ежай і цяплом у хаце.

Арганізатары прапануюць парафіям і супольнасцям не абмяжоўвацца выключна малітвай, але зрабіць рэальны крок насустрач тым, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Такім чынам, праграма "Сэрца для іншага" напамінае, што сутнасць інтэгральнай экалогіі заключаецца ў непадзельнасці любові да Бога, прыроды і бліжняга. Сапраўдная велікапосная перамена адбываецца тады, калі рэфлексія над уласнымі ўчынкамі перарастае ў дзейную дапамогу тым, хто пакутуе побач з намі.
 

18 сакавіка 2026, 15:32