Кардынал Сара: будучыня Касцёла залежыць ад нашай святасці
Ян Глінскі
У размове кардынал Сара выказаў меркаванне, што многія з сённяшніх канфліктаў у Касцёле вынікаюць з больш глыбокага крызісу: крызісу мовы веры. Адмаўленне ад дактрынальнай дакладнасці, як падкрэсліў іерарх, выклікае блытаніну сярод вернікаў. Таму дактрынальная яснасць – гэта не рыгарызм, а акт міласэрнасці да тых, хто шукае кіраўніцтва.
Кардынал Сара асудзіў сённяшнюю тэндэнцыю ацэньваць Касцёл паводле катэгорый, адпаведных сучаснаму свету: эфектыўнасць, прадстаўнічасць, інклюзіўнасць або інстытуцыйныя вынікі. “Нам не патрэбна чарговая свецкая ўстанова. Нам патрэбен Касцёл як сакрамэнт збаўлення”, - адзначыў прэфект-эмерыт.
Літургічная рэформа і разнастайнасць абрадаў
Услед за Папам Бэнэдыктам XVI кардынал Сара сцвярджае, што разнастайнасць абрадаў з’яўляецца багаццем, калі яны выражаюць адну і тую ж веру. Іерарх крытыкуе выключэнне старой літургіі. На яго думку, традыцыйны абрад можа дапамагчы нанава адкрыць, што літургія – гэта не штосьці створанае чалавекам, а штосьці атрыманае і перададзенае Касцёлам. “Сапраўдная літургічная рэформа мае ўнутраны характар”, - падкрэсліў кардынал, нагадаўшы, што мэта літургіі заключаецца ў тым, каб вярнуць першаснае месца Богу.
Скандалы не ліквідуюць паклікання Касцёла
У інтэрв’ю прэфект-эмерыт выказаўся адносна скандалаў, якія закранулі Касцёл у апошнія гады, і якія, на яго думку, патрабуюць праўды, справядлівасці і ачышчэння. Скандалы, як дадаў іерарх, не ліквідуюць паклікання Касцёла. Між іншым, ён падкрэсліў, што нашмат больш патрэбна навяртанне сэрцаў, чым структурныя рэформы. Указаў таксама на важнасць сведчання рэлігійнага жыцця, якое нагадвае свету, што канчатковая мэта чалавека – гэта не поспех ці маёмасць, а вечнае жыццё з Богам.
Дэмаграфічны крызіс як паказальнік страты надзеі
Кардынал Сара закрануў таксама тэму дэмаграфічнага крызісу ў Еўропе, які, на яго думку, адлюстроўвае глыбокую страту надзеі ў грамадстве. “Цывілізацыя, якая адмаўляецца ад Бога, губляе і сэнс перадачы жыцця”, - адзначыў іерарх. Кардынал выказаўся крытычна і адносна прапаноў легалізаваць эўтаназію, папярэдзіўшы, што яны адлюстроўваюць узурпацыю чалавекам улады вызначаць каштоўнасць чалавечага жыцця. “Хворым патрэбна спачуванне, а не знішчэнне”, - падкрэсліў іерарх.
На заканчэнне размовы прэфект-эмерыт Кангрэгацыі па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў выказаўся адносна будучыні хрысціянства: “Будучыня Касцёла залежыць не ад нашых стратэгій, а ад нашай святасці”. Кардынал дадаў, што Касцёл – гэта не проста чалавечая арганізацыя, а таямніца Хрыста, прысутнага ў свеце.