Кардынал Паралін: місія нунцыя – несці праўду, мір і адзінства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
7 сакавіка 2026 года ў базыліцы Маці Божай у Ягме ў Буркіна-Фасо адбылося біскупскае пасвячэнне арцыбіскупа Рэлвендэ Кісіта Уэдраога, новага апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Конга і Габоне. Урачыстасць узначаліў кардынал П’етра Паралін, асабістым сакратаром якога новапасвячаны іерарх быў на працягу многіх гадоў.
Будаваць масты
У гаміліі Дзяржсакратар адзначыў шматгадовую службу новага нунцыя ў Рыме і падкрэсліў, што гэты вопыт падрыхтаваў яго да новай місіі на афрыканскім кантыненце. Ён заклікаў арцыбіскупа быць носьбітам праўды і святла, нястомна абвяшчаць Евангелле і старанна будаваць масты ды адносіны паміж людзьмі, нават там, дзе гэта складана.
Наследаваць прыклад Хрыста
Асаблівую ўвагу кардынал Паралін звярнуў на місію нунцыя: несці “праўду, святло, мір і адзінства” сярод падзелаў і фальшывых прапаведнікаў, а таксама праяўляць клопат і міласэрнасць у адносінах да ўсіх людзей, будучы гатовым аддаць жыццё за статак, наследуючы прыклад Езуса Хрыста.
Новы нунцый
Арцыбіскуп Рэлвендэ Кісіта Уэдраога служыў у Секцыі па агульных справах Дзяржаўнага сакратарыята з 2010 года. 28 студзеня 2026 года Леў XIV прызначыў яго нунцыем у Рэспубліцы Конга і надаў яму тытул арцыбіскупа, а 10 лютага – таксама нунцыем у Габоне.