Пошук

Кардынал Кэвін Фарэл Кардынал Кэвін Фарэл  

Кардынал Фарэл: чаму распадаюцца сучасныя сем’і?

Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця падкрэсліў, што без асабістага досведу сустрэчы з Богам сужонкам цяжка захаваць вернасць і пераадолець жыццёвыя выпрабаванні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сапраўднае сужэнскае пакліканне, як і любы іншы шлях у Касцёле, можа нарадзіцца толькі з глыбокага асабістага кантакту з Хрыстом. Гэтую думку выказаў кардынал Кэвін Фарэл у сваім звароце да ўдзельнікаў саміту па пытаннях катэхуменату для сужонкаў, які праходзіў 16-18 сакавіка ў Гранд-Като, штат Луізіяна. На думку іерарха, менавіта адсутнасць такога вопыту часта становіцца прычынай крызісаў у сучасных сем’ях.

Вера – гэта не інтэлектуальныя веды, а адказ на любоў Бога

Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, кіраўнік ватыканскага ведамства адзначыў, што вера павінна перарастаць у адчуванне цеплыні і пяшчоты Езуса. Як цытуе кардынала журналістка Джына Крысціян для рэсурсу "OSV News", менавіта адкрыццё ласкавага позірку Хрыста дапаможа маладым людзям пазітыўна глядзець на будучыню і чалавечае каханне, якое чэрпае сваю стабільнасць у Божай любові.

Фарэл звярнуў увагу на тое, што многія шлюбы церпяць паразу, бо муж і жонка ніколі не спазналі сілы Хрыста, якая суцяшае і гоіць раны. Без гэтага падмурка ў людзей узнікаюць сумневы ў магчымасці вечнага саюза, што робіць іх адносіны крохкімі перад тварам штодзённых праблем.

Касцёл прапануе два каштоўныя інструменты: супольнасць і сведчанне

На думку прэфекта, для паспяховай падрыхтоўкі будучых сужонкаў неабходна нанова адкрыць “мы” веры. Як адзначае кардынал Фарэл, нават калі хрысціянская супольнасць выглядае аслабленай, яна павінна заставацца месцам узаемнай падтрымкі сем’яў. Асаблівую ролю іерарх адводзіць сведкам – шчаслівым сужэнскім парам, чыё штодзённае жыццё становіцца пераканаўчай і “заразнай” пропаведдзю Божай любові.

Такі падыход з’яўляецца часткай шырокай праграмы катэхуменату, якую яшчэ ў 1981 годзе прапаноўваў святы Ян Павел II у адгартацыі “Familiaris Consortio”. Як паведамляе “OSV News”, сёння гэтыя душпастырскія рэкамендацыі становяцца асновай для стварэння асяроддзя, дзе маладыя людзі могуць годна падрыхтавацца да сямейнага жыцця, абапіраючыся на трывалыя евангельскія каштоўнасці.
 

24 сакавіка 2026, 10:03