Камерун у чаканні Льва XIV: малітва аб адзінстве народа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Афіцыйны дэвіз апостальскага падарожжа Пантыфіка ў гэтую афрыканскую дзяржаву – "Каб усе былі адно". Гэты заклік абраны не выпадкова: краіна працяглы час пакутуе ад палітычнай турбулентнасці, вострых этнічных канфліктаў і пашырэння мовы нянавісці.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Камеруна арцыбіскуп Эндру Фуанья Нкеа падкрэсліў, што візіт павінен прынесці мір менавіта ў тыя рэгіёны, якія найбольш закрануты насіллем.
Духоўнае адзінства павінна стаць падмуркам для грамадскага прымірэння
Паводле слоў арцыбіскупа Нкеа, гаворка ідзе не толькі пра палітычныя аспекты, але і пра глыбокую трансфармацыю міжчалавечых адносін. Іерарх са шкадаваннем адзначыў, што за апошняе дзесяцігоддзе многія сэрцы зацвярдзелі, асабліва ў англамоўных рэгіёнах, дзе напружанасць паміж рознымі моўнымі групамі рэгулярна перарастае ў адкрытае супрацьстаянне.
Апостальскае падарожжа ў Камерун, якое пройдзе з 15 па 18 красавіка 2026 года, з’яўляецца часткай вялікага адзінаццацідзённага афрыканскага візіту Льва XIV. Акрамя сталіцы Яундэ, Папа наведае гарады Дуала і Баменда. Апошні мае асаблівае значэнне, бо з’яўляецца цэнтрам англамоўнай меншасці, дзе місія Касцёла па ўсталяванні дыялогу паміж вернікамі розных культурных традыцый сустракаецца з найбольшымі выклікамі.
Гістарычны візіт стане чацвёртым прыездам Пантыфіка ў краіну
Для Камеруна, дзе кожны трэці жыхар з’яўляецца католікам, прыезд Пантыфіка – гэта знакавая падзея. Апошні раз краіна прымала Папу ў 2009 годзе, калі яе наведваў Бэнэдыкт XVI.
Сёння вернікі спадзяюцца, што прысутнасць Льва XIV і яго слова дапамогуць змякчыць сэрцы і накіраваць грамадства да сапраўднай еднасці, якая выключае насілле і варожасць.